Наўроцкі даў зразумець Зяленскаму, што Польшча не саступіць у пытаннях гістарычнай памяці

Галоўнае
Фото: Офис президента Украины

Прэзідэнты Польшчы і Украіны Караль Наўроцкі і Уладзімір Зяленскі падчас сустрэч на саміце НАТА ў Анкары абмяркоўвалі пытанні гістарычнай памяці. Пра падрабязнасці сустрэч у эфіры RMF FM расказаў кіраўнік Бюро міжнароднай палітыкі Канцылярыі прэзідэнта Польшчы Марцін Пшыдач. Паводле яго слоў, Наўроцкі даў зразумець Зяленскаму, што не саступіць у пытаннях, звязаных з Украінскай паўстанцкай арміяй.

«У першы дзень прэзідэнт Наўроцкі коратка і ветліва сустрэўся з прэзідэнтам Зяленскім. Затым Уладзімір Зяленскі папрасіў прэзідэнта Наўроцкага пра больш працяглую размову. Прэзідэнт пагадзіўся сесці, растлумачыць некаторыя пытанні і (…) прычыны сваіх дзеянняў, якія абурылі грамадскую думку ў Польшчы», — расказаў Пшыдач.

Паводле яго слоў, грамадская думка ва Украіне не разумее польскай пазіцыі адносна УПА, таму Наўроцкі падчас першай сустрэчы з Зяленскім у Варшаве падарыў дзве кнігі пра польска-ўкраінскія адносіны ў часы Другой сусветнай вайны. Пшыдач адзначыў, што, магчыма, Зяленскі іх не чытаў.

Нагадаем, цяперашняе абвастрэнне адносін Польшчы і Украіны звязана з прысваеннем Зяленскім імя «Герояў УПА» аднаму з вайсковых падраздзяленняў.

Пшыдач дадаў, што падчас другой сустрэчы, якая працягвалася цягам гадзіны, Зяленскаму «былі прадстаўлены факты гістарычнага характару і растлумачана, чаму польская грамадская думка абураная». Паводле слоў прадстаўніка канцылярыі, Зяленскі «не быў дасведчаны пра многія праблемы і даведаўся пра іх з размовы з гісторыкам, паколькі прэзідэнт Наўроцкі мае навуковую ступень доктара гісторыі. Яны таксама абмяркоўвалі далейшыя дзеянні. Расія не была галоўнай тэмай. У асноўным яны абмяркоўвалі двухбаковыя адносіны».

«Прэзідэнт ясна даў зразумець Зяленскаму, што пытанне аб пазіцыі УПА не падлягае абмеркаванню і што Польшча не зменіць сваю пазіцыю. Украіна павінна разумець, што кожны раз, калі яна будзе праслаўляць злачынцаў з УПА, Польшча будзе рэагаваць. Гэта толькі пагоршыць адносіны. Украіна павінна выбраць, ці хоча яна мець добрыя ці дрэнныя адносіны з Польшчай», — канстатаваў Пшыдач.

Ён дадаў, што Зяленскі разумее пазіцыю Польшчы. Пры гэтым ён падкрэсліў, што прынцыповым з’яўляецца пытанне, ці сапраўды ўкраінская эліта хоча ўступіць у Еўрапейскі саюз.

«Польшча працягвае аказваць дапамогу Украіне. Калі ўкраінскі бок не хоча, каб Польшча дапамагала ёй і садзейнічала працэсу інтэграцыі ў Еўрапейскі саюз, няхай так і скажа. Тады ніхто ў Польшчы і пальцам не паварушыць.

Мы глядзім шырэй. Яны ваююць з Расіяй, Расія ўяўляе пагрозу, таму мы дапамаглі. Калі ў 2022 годзе маці з дзіцем уцякала з Украіны, многія палякі дапамагалі з пачуцця маральнага абавязку і спачування. Калі спадар Буданаў не ацэніць таго, што Польшча зрабіла для Украіны, мы прымем адпаведныя меры ў будучыні», — дадаў Пшыдач, каментуючы інтэрв’ю кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Кірыла Буданава, які заявіў, што Украіна не пацерпіць ультыматумаў, а напружанасць паміж Варшавай і Кіевам можа дасягнуць піку з-за дзеянняў польскіх уладаў.

Уладзімір Зяленскі ў сетцы X заявіў, што размаўляў з Наўроцкім больш за гадзіну. Ён назваў размову важнай і неабходнай.

«Нам супрацьстаіць адна агульная пагроза — Расія. І надзвычай важна падтрымліваць узаемаразуменне, падтрымку і адзінства дзеянняў. Нашым краінам патрэбныя толькі моцныя адносіны. Мы дамовіліся працягнуць дыялог», — напісаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.