Бухгалтары атрымлівалі падарункавыя сертыфікаты за куплю перадрукаваных заканадаўчых матэрыялаў

Навіны
Фото: court.gov.by

У Брэсцкай вобласці ўзбуджана 21 крымінальная справа ў дачыненні да бухгалтараў. Падставай стала закупка імі друкаваных выданняў з інфармацыяй з падатковага, бюджэтнага і працоўнага заканадаўства.

«Устаноўлена, што кіраўнікі бухгалтарскіх службаў з 2024 года па май 2026 года ўступалі ў змову з прыватнай камерцыйнай арганізацыяй з Мінска. За сродкі дзяржаўных прадпрыемстваў набываліся друкаваныя матэрыялы, якія змяшчалі перадрук асобных артыкулаў Падатковага, Бюджэтнага, Працоўнага кодэксаў і каментарыі да іх.

Аднак рэальнай неабходнасці ў гэтай папяровай прадукцыі не было: на прадпрыемствах меўся доступ да інфармацыйных прававых сістэм, у тым ліку да спецыяльных прадуктаў у сферы бухгалтарскага ўліку. Характэрна, што частка брашур так і засталася нераспакаванай у першаснай упакоўцы або ўвогуле была складзена ў макулатуру», — расказалі ў пракуратуры.

Паводле версіі следства, за кожную замову бухгалтары атрымлівалі падарункавыя сертыфікаты буйных гандлёвых сетак. Намінал сертыфікатаў залежаў ад кошту аплачанай замовы.

«Падчас аглядаў месца здарэння ў службовых асоб, іх блізкіх сваякоў і знаёмых было выяўлена і канфіскавана маёмасць — пераважна бытавая тэхніка, набытая з выкарыстаннем гэтых сертыфікатаў.

Такім чынам, сродкі прадпрыемстваў мэтанакіравана канвертаваліся ў асабістую маёмасць праз закупкі незапатрабаванай прадукцыі», — растлумачылі ў пракуратуры.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.