Літва не будзе змяняць сваё стаўленне да Беларусі, пакуль Мінск не зменіць сваю палітыку, заявіў міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс, каментуючы праграму новага ўрада.
«Інтарэс Літвы ў адносінах з Беларуссю заключаецца ў забеспячэнні бяспекі. Беларусь з’яўляецца крыніцай гібрыдных пагроз і розных дзеянняў, накіраваных супраць Літвы. Пакуль Беларусь працягвае такую палітыку, Літва будзе прытрымлівацца жорсткага курсу, мы будзем дамагацца ўвядзення дадатковых санкцый (…) такая наша пазіцыя, і я не бачу тут ніякіх змен», — заявіў Будрыс 9 ліпеня ў эфіры Žinių radijas, піша LRT.
Паводле слоў Будрыса, Літва не выключае змены сваёй палітыкі, калі пазіцыя Беларусі зменіцца.
«Калі будуць такія ўмовы — будзем прытрымлівацца такой пазіцыі, калі ўмовы зменяцца — будзем дзейнічаць інакш. Але кожны раз, калі паступіць прапанова Міністэрства замежных спраў наконт неабходных крокаў, будзе пазначана прычына: Літве неабходна тое, тое і тое, таму мы прапануем прытрымлівацца менавіта такой пазіцыі. А не таму, што гэта патрэбна камусьці іншаму або таму, што нехта проста ўпарта хоча, каб санкцыі працягваліся», — заявіў кіраўнік літоўскага МЗС.