Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым, які прыбыў сёння ў Беларусь. Рабочая праграма пачалася са сустрэчы ў рэзідэнцыі ў Астрошыцкім Гарадку ў фармаце сам-насам, пасля якой запланаваная нефармальная вячэра.
Афіцыйная частка візіту з удзелам дэлегацый адбудзецца 9 ліпеня, паведамілі ў прэс-службе Лукашэнкі.
Вітаючы ўзбекскага лідара, Лукашэнка падзякаваў яму за прыезд у Беларусь, якую назваў геаграфічным цэнтрам Еўропы. Паводле слоў беларускага кіраўніка, пра гэта яму расказалі ў Расіі.
«Дзякуй вам за тое, што вы знайшлі час у гэты складаны, няпросты час прыехаць у Беларусь з Азіі проста ў цэнтр Еўропы. Я неяк не звяртаў увагі — аказваецца, у нас на поўначы Беларусь — геаграфічны цэнтр Еўропы. Гэта мне ў Расіі расказалі. Таму проста ў цэнтр Еўропы прыехалі.
Думаю, у нас будзе добрая сустрэча, і мы абмяркуем усе пытанні закулісся — і адкрытыя, і закрытыя пытанні. Мы, як заўсёды, па-сяброўску абменьваемся ўсёй інфармацыяй, якая ў нас ёсць. Я да гэтага рыхтаваўся і прытым даўно рыхтаваўся. Таму я вас яшчэ раз вітаю, ну, у мяне дома», — сказаў ён.
Мірзіёеў заявіў, што краіны падрыхтаваліся да цяперашняга візіту і маюць шырокае кола тэм для абмеркавання, а пасля візіту Лукашэнкі ва Узбекістан двухбаковае супрацоўніцтва прыкметна актывізавалася.
«Пасля вашага гістарычнага візіту ў нас ужо зусім іншыя ўзаемаадносіны на ўсіх узроўнях — прэм’еры сустракаюцца, міністры сустракаюцца, парламенты сустракаюцца. І ўпершыню я прывёз з сабой такую дэлегацыю — 230 кампаній прадпрымальнікаў Узбекістана сёння знаходзяцца ў Мінску.
Форум на самым высокім узроўні. Тры найбуйнейшыя рэгіёны — гэта кожны з іх чатырохмільённы. Гэта Ташкенцкая вобласць, Ферганская вобласць і Андыжанская вобласць. Яны прыехалі сюды са сваімі калегамі. Мне расказалі пра вельмі шмат перспектыўных праектаў.
Я з задавальненнем, я сёння таксама ехаў, бачыў, як дынамічна развіваецца краіна, людзі радасныя, на вуліцах усе, парадак, як заўсёды, як і належыць пры вас — гэтая краіна развіваецца. Я яшчэ раз віншую з гэтымі поспехамі. І насамрэч у нас ёсць добрая магчымасць абмяняцца думкамі і пагаварыць», — сказаў ён.