«Белнафтахім» не бачыць ажыятажу на беларускіх запраўках. Пра гэта заявіў намеснік старшыні канцэрна Уладзімір Сізоў.
«Мы цалкам забяспечаныя неабходнай колькасцю нафтапрадуктаў. Сітуацыя на запраўках, як мы бачым, спакойная. Якіх-небудзь ажыятажаў ці чэргаў, не характэрных для цяперашняга перыяду года або для дня тыдня, у нас не назіраецца», — цытуе яго БелТА.
Ён прызнаў, што летам з-за перыяду адпачынкаў і сельскагаспадарчых работ звычайна расце попыт, але канцэрн да гэтага гатовы.
«Мы да гэтага перыяду заўсёды гатовыя, і тых нафтапрадуктаў, якія загадзя плануюцца, хапае. Мы прадбачым, што ў цяперашні перыяд ідзе пэўнае павелічэнне рэалізацыі, і мы з ім дастаткова лёгка спраўляемся», — сказаў ён.
Паводле яго слоў, сярод пакупнікоў паліва ёсць і госці з Расіі.
«Усе госці заязджаюць да нас і ацэньваюць якасць нашага паліва. Гэта таксама наш брэнд, усе давяраюць якасці беларускага паліва», — сказаў ён.
Сізоў дадаў, што нехарактэрнага павелічэння попыту, якое нейкім чынам адбілася б на якасці абслугоўвання беларускіх спажыўцоў, няма. Хоць чэргі і могуць быць перад выхаднымі і святамі.
«Гэтая сітуацыя таксама характэрная для дарог: можа быць ускладненне на выездах з горада. Такая ж сітуацыя можа складацца на некаторых АЗС, дзе людзі пры планаванні працяглага маршруту масава заязджаюць на аўтазаправачныя станцыі. Але гэтая сітуацыя ніяк не адрозніваецца ад стандартнай для цяперашняга перыяду», — сказаў ён.
Сізоў таксама пракаментаваў нядаўняе павышэнне цэн на паліва.
«Так, ёсць пэўныя павелічэнні — апошні раз 8 ліпеня цана павялічылася на адну капейку. Але я думаю, што для спажыўцоў гэта не настолькі прыкметны фактар, і тым больш ён не можа паўплываць на спажывецкія настроі ці на сітуацыю з чэргамі на аўтазаправачных станцыях», — сказаў ён.
Паводле яго слоў, «Белнафтахім» улічвае пры планаванні планавыя рамонты і іншыя фактары.
«Мы ўлічваем як правядзенне рамонтных работ, так і змены сезоннасці попыту і гарантавана ў прыярытэтным парадку забяспечваем любую патрэбу, якая ўзнікае на ўнутраным рынку.
Дзейнічае сукупнасць арганізацыйных і тэхнічных рашэнняў, якія дазваляюць спланаваць аб’ёмы выпрацоўкі нафтапрадуктаў, аб’ёмы іх захоўвання і лагістычную прапускную здольнасць па дастаўцы нафтапрадуктаў да месцаў іх спажывання.
Гэта дазваляе з упэўненасцю сказаць, што сітуацый з дэфіцытам паліва або нехарактэрнымі чэргамі на аўтазаправачных станцыях у цяперашняй сітуацыі быць не можа», — дадаў намеснік старшыні.
Трэба адзначыць, што ў чэрвені пастаўкі беларускага паліва ў РФ дасягнулі піку. Яны склалі 150 тыс. т. Між тым на пачатку месяца аб’ёмы гандлю айчынным бензінам на Пецярбургскай біржы скараціліся.