Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванне прэзідэнту Ірана Масуду Пезешкіяну з 47-й гадавінай перамогі Ісламскай рэвалюцыі.
“За перыяд існавання Іран шмат разоў праходзіў праз сур’ёзныя выпрабаванні. Нядаўнія падзеі сталі праверкай на сталасць інстытутаў улады і трываласць грамадскага дагавора. Захаванне канстытуцыйнага парадку ў няпросты час сведчыць аб адказнасці кіраўніцтва і здольнасці жыхароў адстойваць свой выбар, не дазваляючы знешнім сілам навязаць чужую волю”, – гаворыцца ў віншаванні.
Нагадаем, нядаўна ў Іране былі жорстка падаўлены пратэсты. Былі забіты тысячы чалавек. Толькі паводле афіцыйных даных, апублікаваных адміністрацыяй іранскага прэзідэнта, загінулі 3117 чалавек. Праваабаронцы, якія базіруюцца за мяжой, заяўлялі пра значна большую колькасць ахвяр, якая перавышае 20 тыс.
Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, ён падкрэсліў, што стойкасць Тэгерана на міжнароднай арэне выклікае павагу.
“Ва ўмовах рэгіянальнай ваеннай эскалацыі і жорсткага супрацьстаяння тым, хто выкарыстоўвае двайныя стандарты, Іран працягвае рухацца сваім шляхам, дэманструючы прагрэс і вернасць традыцыйным духоўным каштоўнасцям”, – гаворыцца ў віншаванні.
У ім таксама адзначаецца, што візіт Масуда Пезешкіяна ў Беларусь надаў якасны імпульс умацаванню двухбаковых адносін.
“Праведзеныя перамовы пацвердзілі высокі ўзровень даверу паміж намі, а дасягнутыя дамоўленасці адкрылі новыя гарызонты для пашырэння двухбаковага супрацоўніцтва”, – напісаў Лукашэнка.
