Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне аб выдзяленні сродкаў з прэзідэнцкага фонду на рэстаўрацыю двух рэлігійных аб’ектаў — Успенскага сабора ў Жыровічах і касцёла ў Будславе.
На працяг рэстаўрацыі іканастаса Успенскага сабора ў Жыровічах будзе накіравана каля 3,4 млн рублёў. Работы пачаліся ў 2025 годзе. На сённяшні момант цалкам адрэстаўравана верхняя секцыя іканастаса 1670 года. У 2026 годзе рэстаўрацыя працягнецца на астатніх элементах.
Мінска-Магілёўская архідыяцэзія Рымска-каталіцкага касцёла атрымае больш за 260 тысяч рублёў на першачарговыя работы ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе. Сродкі накіруюць на распрацоўку дакументацыі па ўзмацненні падмуркаў, сцен, скляпенняў і арак.
“Рэалізацыя праектаў унясе значны ўклад у прымнажэнне і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі”, — заявілі ў прэс-службе Лукашэнкі.