Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму пацярпелых пры ўдары дрона беларусаў адправілі на радзіму, нягледзячы на прапанаваную Расіяй дапамогу.
«Лячыць сваіх людзей і дзяцей мы павінны самі. У нас ёсць для гэтага ўсё. Дзякуй Расіі, што яна прапанавала нам гэтую дапамогу. Мы можам самі гэта зрабіць. Я ўчора на гэта міністру ўказаў. Усе пацярпелыя, якія атрымалі траўмы, перавезеныя хто ў Гомель, каго ў Мінск накіруем. Мы іх павінны пралячыць», — заявіў Лукашэнка на нарадзе па карэкціроўцы мерапрыемстваў плана будаўніцтва і развіцця Узброеных сіл на 2026–2030 гады.
Ён таксама выказаўся супраць замежных паездак.
«Астатніх па дамах адправіць. Няхай займаюцца спортам тут», — адзначыў ён.
Лукашэнка таксама заявіў, што беспілотнік, які ўдарыў па аўтобусе, быў украінскім, і даручыў устанавіць праўду.
Нагадаем, пры атацы дрона на аўтобус з дзіцячай футбольнай камандай з Рэчыцы пацярпелі восем чалавек, у тым ліку шэсць дзяцей. Адзін чалавек загінуў. Пацярпелых транспартавалі ў Беларусь. Астатнія пасажыры таксама вярнуліся на радзіму.