Аляксандр Лукашэнка лічыць, што беларускія афіцэры павінны служыць не дзеля таго, каб атрымаць кватэру. Іх галоўнай матывацыяй павінна быць імкненне абараняць радзіму. Пра гэта ён заявіў, заслухоўваючы даклад аб прапановах па карэкціроўцы мерапрыемстваў Плана будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл да 2030 года.
Карэкціроўкі падрыхтаваны па выніках праверкі УС, якая была праведзена сёлета.
«У свой час была праведзена маштабная праверка Узброеных Сіл. У першым набліжэнні вынікі мы разгледзелі. Я лічу, шчыра, нічога не хаваючы. Паводле маіх даных, само абмеркаванне (вынікаў) у арміі ўспрынята вельмі станоўча. Людзі ў вайсковых пагонах на гэта адрэагавалі станоўча. Але пры разглядзе было ўказана на шэраг фактараў і аспектаў, якія мы ў арміі — вы — павінны былі абмеркаваць і дакласці з мэтай карэкціроўкі Плана будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл да 2030 года», — сказаў Лукашэнка.
Ён прапанаваў абмяркоўваць карэкціроўку ў дзелавым ключы, не спасылаючыся на асаблівасці вайсковай службы.
«Давайце без гэтых „подзвігаў“. Мы ўжо бачылі гэтыя „подзвігі“ вайскоўцаў і абмяркоўвалі на нарадзе.
Канкрэтна. Як вы гэта абмеркавалі і да чаго прыйшлі, што будзем рабіць далей.
Павышэнне эфектыўнасці супрацьпаветранай абароны (без усякіх там выкрутасаў), процідзеянне беспілотным лятальным апаратам, падрыхтоўка афіцэраў — гэта адны з асноўных напрамкаў.
Мы не можам памыляцца. У нас няма лішніх грошай. Мы не можам перавесці ўсе Узброеныя Сілы на беспілотнікі. І гэта не трэба рабіць у нашых умовах. Але гэта маё меркаванне. Можа, вы там параіліся і вырашылі, што трэба рабіць, як увесь свет — сёння сходзяць з розуму: „беспілотнікі, беспілотнікі!“. Гэта небяспечная рэч. Трэба вучыцца змагацца з гэтымі беспілотнікамі. Трэба мець моцную зброю супраць беспілотнікаў. Пачынаючы ад звычайнай стралковай да сродкаў радыёэлектроннай барацьбы. Трэба. Гэта наша тэма. Мы ўмеем гэта рабіць, рабілі ў савецкія часы сёе-тое, робім і цяпер. Але дзесьці трэба нашаму ВПК паварушыцца», — сказаў Лукашэнка.
Гаворачы пра вайсковую падрыхтоўку, ён адзначыў, што найважнейшае — гэта падрыхтоўка менавіта афіцэраў.
«Галоўнае — гэта афіцэры. Не трэба саміх сябе падманваць. Ніколі мы не падрыхтуем звычайнага радавога чалавека за паўтара-два гады як афіцэра. Але калі афіцэр будзе падрыхтаваным і з мазгамі ў галаве, то ён хутка павядзе за сабой вайскоўцаў і пакажа ім, навучыць іх, як дзейнічаць і ў якім напрамку.
Таму афіцэры — пытанне нумар адзін. Рыхтаваць трэба па-сапраўднаму. А калі нехта не хоча гэтага рабіць, значыць, нам з ім не па дарозе», — сказаў ён.
Лукашэнка адзначыў, што для матэрыяльнага забеспячэння вайскоўцаў зроблена шмат. Гэта пацвердзіў і міністр абароны Віктар Хрэнін.
«І ты мне пастаянна прыходзіш і гаворыш пра тое, што трэба вырашыць тылавыя пытанні: кватэры, жонкі, кухні, дзеці і іншае. Я разумею, што гэта трэба. Але афіцэр павінен разумець, што ўсе мы служым не толькі дзеля таго, каб была кухня. Мы выбралі сабе такую прафесію — Радзіму абараняць. І ў розных умовах гэта будзем рабіць.
Калі мы (нябедная краіна, шчыра кажучы) пачынаем адрываць часам апошняе, забіраць у народа дзеля Узброеных Сіл, асабліва цяпер, — афіцэры павінны адказваць на гэта сваёй ратнай працай. Іншага не дадзена», — заключыў ён.
На дакладзе прысутнічалі дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, яго намеснік Андрэй Гарбаценка, міністр абароны Віктар Хрэнін, начальнік галоўнага разведвальнага ўпраўлення — намеснік начальніка Генеральнага штаба Уладзімір Купрыянюк, камандуючы сіламі спецыяльных аперацый Аляксандр Ільюкевіч і камандуючы ВПС і войскамі СПА Андрэй Лук’яновіч.