Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін сустрэнуцца напрыканцы лютага. На пасяджэнні Саюзнага Савета Міністраў іх сустрэчу анансаваў прэм’ер-міністр РФ Міхаіл Мішусцін.
“На канец гэтага месяца запланавана пасяджэнне Вышэйшага Дзяржсавета Саюзнай дзяржавы пад кіраўніцтвам прэзідэнтаў Расіі і Беларусі”, — сказаў ён, перадае «Інтэрфакс».
Сёння ў Маскве праходзіць пасяджэнне Савета міністраў СД пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністраў Аляксандра Турчына і Міхаіла Мішусціна.
Мішусцін адзначыў, што галоўная задача сённяшняй сустрэчы — падрыхтаваць пасяджэнне ВДC.
Парадак дня Саюзнага Савета Міністраў уключае 14 пытанняў, у тым ліку абмеркаванне так званых саюзных праграм. Акрамя таго, гаворка ідзе аб наданні таварам з дзвюх краін статусу «тавар Саюзнай дзяржавы», а таксама аб стварэнні прынцыпова новай структуры — Камітэта па стандартызацыі і якасці Саюзнай дзяржавы.
“Прапануецца прадаставіць расійскім і беларускім прадпрыемствам магчымасць атрымаць для сваёй прадукцыі статус «тавар Саюзнай дзяржавы». Пакуль гаворка ідзе пра такія пазіцыі, як станкі, аўтобусы, грузавыя аўтамабілі і мікраэлектроніка. Гэты спіс будзем папаўняць.
Галоўная ўмова — прамысловая прадукцыя павінна вырабляцца сумесна — з выкарыстаннем матэрыялаў і камплектуючых з абедзвюх краін.
Кампаніям, якія яе выпускаюць, стануць даступныя дадатковыя меры падтрымкі і прэферэнцыі як па лініі Расіі, так і па лініі Беларусі. А спажыўцы — будуць выразна разумець, што гэты якасны тавар зроблены ў Саюзнай дзяржаве”, — патлумачыў Мішусцін.
Яшчэ адно пытанне — запуск прыгранічнага чыгуначнага пасажырскага паведамлення.
“Абмяркуем, як павінны быць арганізаваныя рэгулярныя прыгранічныя прыгарадныя перавозкі чыгуначным транспартам — паміж суседнімі рэгіёнамі Расіі і Беларусі.
Мяркуецца, што льготныя катэгорыі грамадзян нашых дзяржаў атрымаюць права на бясплатны праезд на ўсім шляху следавання цягніка. Для некаторых — будуць дзейнічаць істотныя зніжкі”, — сказаў расійскі прэм’ер.
Таксама абмяркоўваецца работа па выпрацоўцы стратэгіі фарміравання агульнай інфармацыйнай прасторы, рэалізацыя канцэпцыі міграцыйнай палітыкі.
