Генеральны дырэктар ААТ “Камволь”, былая кіраўніца “Беллегпрама” Таццяна Лугіна ў эфіры СТБ паскардзілася на тое, што беларусы недастаткова інтэнсіўна працуюць. З-за гэтага зніжаецца канкурэнтаздольнасць прадпрыемства.
Паводле слоў Лугінай, у лютым гэтага года яна прапанавала партнёру з Індыі даць ёй на год-два некалькі прадзільшчыкаў, але ён адмовіў, растлумачыўшы рашэнне тым, што ў Беларусі працоўны дзень складае 8 гадзін.
“Я кажу: ці можа ён даць мне на год-два некалькі прадзільшчыкаў, у іх мужчыны гэтым займаюцца. Я хачу паглядзець іх кампетэнцыі, кваліфікацыю, хуткасць працы. Магчыма, яны хутчэйшыя, спрытнейшыя. І нашым жанчынам будзе прыемна паглядзець або нават карысна. Магчыма, дзесьці наладка абсталявання. То-бок вопыт.
На што ён мне сказаў: я з задавальненнем вам бы даў, але не магу, таму што вы працуеце па 8 гадзін, у нас працуюць па 12. У вас усе працуюць павольна, я не хачу, каб мае людзі запаволілі тэмп”, — сказала Лугіна.
Гэта прымусіла яе “задумацца пра праўду жыцця”.
“Мы гаворым пра канкурэнцыю, мы часта гаворым не толькі сабе, мы гаворым на знешнім контуры, Мінэканомікі, Саўміну, прэзідэнту, што мы не ўваходзім у сабекошт, у нас усё дорага. Але дорага па многіх прычынах, пачынаючы ад банальных прыёмаў, інтэнсіўнасці.
Калі мы прыходзім на працу, мы спачатку пап’ём гарбаты, раскажам суседцы, як мы заквасілі капусту, а на працы як мінімум хаця б 8 гадзін трэба працаваць. Я ўсім кажу, працуем мы шмат часам не таму, што кіраўнікі прымушаюць застацца, у суботу выйсці, таму што мы проста нават 8 гадзін часам не адпрацоўваем. Інтэнсіўна, напружана, засяроджана, уважліва. Таму вось у нас ёсць эфіопы, якія паводле нашых меркаў за прымальны ўзровень аплаты выконваюць гэтую працу і адчуваюць сябе выдатна. І першы час зноў жа казалі: «Дайце больш працы, дайце больш працы».
То-бок людзі з тых краін працуюць вельмі шмат. Мы жывём у сацыяльна арыентаванай дзяржаве, што не кожны да канца разумее, у якім шчасці мы жывём, працуючы па 8, а то і часам менш гадзін, і ведаючы ўсе ўмовы працы, якія нам павінны забяспечыць. Таму тое, што мы жывём у шчаслівым грамадстве, абсалютна абароненым з пункту гледжання бяспекі, умоў, аплаты працы, — гэта факт”, — заключыла яна.
Паводле слоў Лугінай, на “Камволі” цяпер працуе 71 замежнік, у тым ліку 10 грамадзян Эфіопіі і 52 — Туркменістана.