Аляксандр Лукашэнка зноў выказаўся пра прыцягненне ў Беларусь работнікаў з Узбекістана. Паводле яго слоў, рашэнне аб запрашэнні працоўных мігрантаў павінны прымаць мясцовыя ўлады і кіраўнікі прадпрыемстваў, зыходзячы з рэальнай патрэбы ў кадрах, паведамляе яго прэс-служба.
Падчас сённяшняга разгляду кадравых пытанняў Лукашэнка заявіў, што тэма працоўнай міграцыі выклікала празмерны грамадскі рэзананс.
«Ах, вось, узбекаў бяруць! Я: “І не трэба, мы нікога браць не будзем, але тады нам трэба ўпірацца і працаваць”», — сказаў ён.
Паводле яго слоў, у некаторых рэгіёнах адчуваецца недахоп работнікаў, таму пры неабходнасці прадпрыемствы змогуць запрашаць спецыялістаў з Узбекістана. Для гэтага кіраўнік прадпрыемства і старшыня райвыканкама павінны вызначыць, колькі і па якіх спецыяльнасцях патрабуецца чалавек.
«Калі там не хапае людзей, вы выбераце таго, каго трэба. Гэта і Гродзенскай вобласці датычыцца, асабліва паўночных рэгіёнаў — Астравец і гэтак далей. І там патрэбныя людзі. Але там, дзе не трэба, не бярыце. Ніхто нікога не прымушае, — заявіў ён. — Кіраўнік і старшыня райвыканкама павінны вырашыць: столькі чалавек, на такія пасады».
Лукашэнка таксама адзначыў, што частку тых, хто прыедзе, спатрэбіцца давучыць, галоўнай умовай назваўшы жаданне працаваць.
«Не трэба чакаць, што там прыедуць вялікія спецыялісты. Яны і там недзе працаўладкаваныя. Некаторых трэба проста давучыць, навучыць. Але галоўнае, каб у яго было жаданне працаваць. Вы гэта павінны дакладна разумець», — заявіў ён.
Акрамя таго, ён расказаў, што падчас перамоў з прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым абмяркоўваліся не толькі пытанні працаўладкавання, але і інвестыцыйныя праекты ў аграпрамысловым комплексе.
«Гаворка ішла пра тое, што яны прыедуць, мяса, малако тут вырабяць. Прэзідэнт [Узбекістана] — малайчына, даўно мы з ім сябруем. Ён дае грошы на інвестыцыі — на будаўніцтва жывёлагадоўчых комплексаў, сянажных траншэй — на тое, што ім трэба. На перапрацоўку. Інвестуе, дае людзей, якія будуць тут працаваць, зарабляць», — сказаў ён.
Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая прадаставіць тым, хто прыедзе, сацыяльныя гарантыі, уключаючы жыллё, медыцынскае абслугоўванне і магчымасць навучання дзяцей.
«Прыязджайце, уладкоўвайцеся. Вось адукацыя дзеткам, калі хочаце, вось ахова здароўя, жыллё. Гэта таксама грошы. А калі вы прыехалі толькі зарабіць і нават па-добраму дадому адаслаць — гэта іншая сітуацыя», — падкрэсліў Лукашэнка.
Нагадаем, на мінулым тыдні ў Віцебск прыехалі больш за 200 працоўных мігрантаў з Узбекістана. Як паведамлялася, ім абяцалі заробак 900–1000 долараў, аднак на месцы высветлілася, што гатовыя плаціць толькі 500 долараў, а жыллё і харчаванне трэба аплачваць самастойна. Гэта выклікала абурэнне тых, хто прыбыў, частка з якіх заявіла пра жаданне вярнуцца на радзіму.
Праблему неўзабаве ўрэгулявалі. Паводле слоў узбекскіх работнікаў, ім прапанавалі заробак каля 700 долараў, а таксама бясплатныя жыллё і харчаванне.