Доля беларускіх тавараў у структуры рознічнага тавараабароту склала 54,6% паводле вынікаў першага паўгоддзя. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы паведаміла начальніца ўпраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання МАРГ Наталля Мельнікава.
“У студзені—чэрвені гэтага года доля продажу беларускіх тавараў склала 54,6%. У нас ёсць прырост у параўнанні з мінулым годам. Па харчовых таварах гэтая доля склала 75,4%, па нехарчовых — 35,9%. Рост продажаў айчынных тавараў адзначаецца практычна па ўсім баршчавым наборы, па кандытарскіх вырабах, мясной і рыбнай прадукцыі, дзіцячых сумесях і кашах, грачаных крупах, аўтамабілях, парфумерна-касметычнай прадукцыі і іншых таварах. Уплыў, вядома, на долю продажу тавараў айчыннай вытворчасці аказвае і рост імпарту па асобных таварах, на які ўплываюць, у тым ліку, продажы праз інтэрнэт-крамы, гэта значыць інтэрнэт-гандаль”, — сказала яна.
Нагадаем, у першым квартале гэтага года доля беларускіх тавараў у тавараабароце складала 54,1%, а паводле вынікаў мінулага года яна была на ўзроўні 54,4%.
Сёлета МАРГ давёў мэтавыя паказчыкі па долі беларускіх тавараў да ўсіх рэгіёнаў.
“Пакуль яшчэ не дасягнуты тыя паказчыкі, якія нам даведзены ўрадам на ўзроўні 58%. Але разам з тым, паводле вынікаў першага паўгоддзя, па афіцыйнай статыстыцы Белстата, мы сёння можам адзначыць, што гэты паказчык сёння максімальна імкнуцца выканаць усе нашы рэгіёны краіны. Многія з іх ужо перавыконваюць паказчык у 58%. Але ёсць істотныя пытанні адносна Мінска і Мінскай вобласці. І тут ёсць над чым працаваць”, — растлумачыла намесніца міністра Святлана Караткевіч.