Літва накіравала Беларусі ноту пратэсту з-за парушэнняў сваёй паветранай прасторы метэазондамі з кантрабандай у ноч з 27 на 28 студзеня 2026 года. Яна была ўручана часоваму паверанаму ў справах пасольства Беларусі, які быў сёння выкліканы ў МЗС Літвы.
У ведамстве адзначылі, што гэтыя дзеянні стварылі пагрозу бяспецы грамадзянскай авіяцыі, тройчы прывялі да прыпынення працы Міжнароднага аэрапорта Вільнюса, паўплывалі на пяць грамадзянскіх рэйсаў і парушылі планы падарожжаў каля 700 пасажыраў.
У МЗС падкрэслілі, што такія дзеянні лічацца сур’ёзным парушэннем міжнароднага права і ўяўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы Літвы, а таксама бяспецы грамадзянскай авіяцыі.
У ведамстве запатрабавалі, каб Беларусь неадкладна прыняла меры па прадухіленні падобных парушэнняў і выконвала свае міжнародныя абавязацельствы па кантролі над паветранай прасторай і дзяржаўнай мяжой. Літоўскі бок падкрэсліў, што ў выпадку паўтарэння падобных інцыдэнтаў пакідае за сабой права аднавіць абмежаванні на рух праз мяжу або ўжываць іншыя меры для абароны ўласнай паветранай прасторы, захавання бяспекі грамадзянскай авіяцыі і прадухілення пагроз нацыянальнай бяспецы.
У ноч з аўторка на сераду быў зафіксаваны самы масавы налёт метэазондаў у Літву з пачатку гэтага года — з Беларусі заляцелі 42 паветраныя шары. З-за гэтага прыпынялася праца аэрапорта ў Вільнюсе. Да раніцы былі знойдзены восем метэазондаў.
Міністр замежных спраў Кястуціс Будрыс заявіў, што Літва перадасць інфармацыю ЗША для пошуку сумесных рашэнняў.
Раней прэм’ер-міністр Літвы заяўляла, што праблему з паветранымі шарамі з Беларусі ўдалося вырашыць пры дапамозе ЗША.
