ЗША дапамаглі Літве вырашыць праблему з залётам метэазондаў з Беларусі і працягваюць працу для вызвалення літоўскіх фур, якія затрымаліся ў Беларусі. Пра гэта прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене сказала ў інтэрв’ю Delfi.
Паводле слоў Ругінене, Літва спрабавала дамовіцца з Беларуссю наконт метэазондаў, якія перашкаджалі працы аэрапортаў, але дыпламатычныя намаганні зайшлі ў тупік, бо «з боку Беларусі не было ніякага водгуку і намераў спыніць гэты працэс». Вырашыць праблему дапамаглі ЗША. Дзякуючы іх намаганням і закрыццю мяжы інтэнсіўнасць гібрыднай атакі была прыпыненая і пачаліся перамовы з Беларуссю на дыпламатычным узроўні.
«Я вельмі ўдзячная Амерыцы, якая разам з намі ўключылася ў гэты працэс і дапамагла з многімі пытаннямі», — заявіла літоўская прэм’ерка.
Паводле слоў Ругінене, Літва працягвае працу з ЗША для вяртання літоўскіх фур, затрыманых у Беларусі.
«Мы кантактуем і працуем кожны дзень. І не толькі наконт транспартнага сектара. Вы бачылі, што перад Калядамі людзі з Беларусі былі вызваленыя з турмаў, палітычныя зняволеныя. Ёсць шмат пытанняў, якія мы наладжваем з амерыканцамі, і гэтая праца будзе і надалей актыўнай», — заявіла Ругінене.
Прэм’ерка адзначыла, што літоўскія асацыяцыі перавозчыкаў дагэтуль не прадставілі ўладам дакладную і поўную інфармацыю пра фуры, якія затрымаліся ў Беларусі.
Што тычыцца калійных угнаенняў, ЗША папярэдзілі Літву, што будуць весці перамовы пра гэта з Беларуссю, але не аказвалі ціску на Літву.
«Не тое што ціску, не было нават прашчупвання. Не было зусім ніякай размовы. Адзінае, калі мы сустракаліся перад іх выездам у Беларусь, яны папярэдзілі, што “мы пра гэтую тэму будзем з Беларуссю гаварыць, але гэта вас не датычыцца”. Такое я ад іх пачула, і больш мы на гэтую тэму не размаўлялі», — расказала Ругінене.
Урад Літвы вырашыў не развіваць гэтую тэму, пакуль не атрымае сігналаў ад ЗША, але такіх сігналаў дагэтуль не было, заявіла Ругінене.
Нагадаем, у канцы кастрычніка 2025 года Аляксандр Лукашэнка расказваў, як ЗША патрабавалі ад яго папрасіць прабачэння перад Літвой за метэазонды. «Я кажу: “Пайшлі нах… ” І гэтак далей. Я ж сказаў, што мы папросім прабачэння, але калі будзем вінаватыя. За што мне прасіць прабачэння?» — абураўся тады Лукашэнка.
13 снежня, пасля візіту ў Мінск і вызвалення чарговай партыі палітвязняў, спецпасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коўл заявіў, што Лукашэнка пагадзіўся зрабіць усё, каб спыніць запуск метэазондаў.
