У Беларусі застаюцца заблакіраванымі 185 грузавікоў з літоўскімі нумарамі, заявіла намесніца генеральнага дырэктара літоўскай мытні Довіле Краўлайдэне 9 снежня, піша ELTA.
«На сёння, праверыўшы даныя і ўзняўшы ўнутраныя камеры, размешчаныя на тэрыторыі Літвы і якія дазваляюць назіраць сітуацыю на дарогах, мы можам канстатаваць, што, паводле нашых даных, засталося толькі 185 (транспартных сродкаў)», — сказала Краўлайдэне.
Паводле яе слоў, з гэтых транспартных сродкаў 91 цягач і 49 прычэпаў належаць Нацыянальнай асацыяцыі аўтаперавозчыкаў Linava, 28 цягачоў і 17 прычэпаў — не належаць. Яшчэ некалькі цягачоў маюць расійскія нумары.
Намесніца кіраўніка літоўскай мытні адзначыла, што чэргі на выезд з Літвы ў Беларусь павялічваюцца ў апошні час. У аўторак у выезд праз Мядзінінкай чакалі каля 500 грузавікоў, праз Шальчынінкай — каля 300.
«З літоўскімі нумарамі з краіны выязджае больш цягачоў, чым уязджае, але, верагодна, яны вяртаюцца праз іншыя памежныя пераходы», — адзначыла Краўлайдэне.
Сёння на пасяджэнні Савета бяспекі Аляксандр Лукашэнка патрабаваў ад Літвы пачаць перамовы без удзелу трэціх бакоў, а таксама прапанаваў выкупіць у літоўскіх перавозчыкаў хуткапсавальныя грузы. Ён таксама вылучыў патрабаванні да Літвы: вяртанне прызначаных для Зімбабвэ пажарных машын, нармалізацыя працы санаторыя ў Друскінінкаі і вяртанне грошай за порт у Клайпедзе.