Расійскія мытнікі сумесна з Рассельгаснаглядам затрымалі некалькі партый тавараў на беларуска-расійскай мяжы. Корм для сабак і насенне газоннай травы спрабавалі нелегальна ўвезці ў Расію, саджанцы клубніц — у Беларусь.
Аўтамабіль з 4,5 тоны італьянскага корму для сабак спынілі ў Пскоўскай вобласці РФ. Тавар везлі без ветэрынарных суправаджальных дакументаў, а сертыфікацыя вытворцы корму ў Расіі была прыпынена з 2023 года. Груз вярнулі ў Беларусь.
У Бранскай вобласці РФ Рассельгаснагляд спыніў увоз каля 8 тон насення газонных траў з Мінска ў Маскоўскую вобласць. У вадзіцеля не было фітасанітарных сертыфікатаў на груз. Насенне вярнулі адпраўніку.
У Смаленскай вобласці супрацоўнікі Рассельгаснагляду не далі вывезці ў Беларусь 21 тысячу саджанцаў клубніц без фітасанітарных сертыфікатаў. Машыну вярнулі да месца адгрузкі, перавозчыка прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці.
