Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі не лічыць частыя залёты метэазондаў з кантрабандай з Беларусі тэставаннем сістэм ППА. Разам з тым ён разглядае іх як гібрыдную атаку, бо яны ствараюць дадатковую нагрузку для памежнікаў і паліцыю. Міністр таксама паабяцаў меры, якія павінны адвадзіць кантрабандыстаў ад іх промыслу.
“Не, гэта не праверка нашых сістэм, бо, ведаеце, складана праверыць сістэмы абароны любой краіны, калі гаворка ідзе пра паветраныя шары, якія часта лятаюць у непрадказальных напрамках, па ветры і, як відавочна, вельмі-вельмі павольна”, – сказаў ён у эфіры RMF FM, падкрэсліўшы, што ў Літвы праблемы былі больш сур’ёзнымі ў першую чаргу з-за блізкага размяшчэння да мяжы аэрапорта.
Кервіньскі лічыць, што ў першую чаргу гаворка ідзе пра кантрабанду, але пры гэтым ён прызнае, што “ў Беларусі такія кантрабандысты часта знаходзяцца ў цесным кантакце з прадстаўнікамі беларускіх уладаў”.
“Гэта нельга ігнараваць па адной прычыне: любы падобны аб’ект, які парушае нашу паветраную прастору, павінен адсочвацца ваеннымі на радары, павінен быць знойдзены і павінен быць належным чынам канфіскаваны. Бо калі нешта падае з неба, паліцыя і памежнікі павінны прыязджаць кожны раз”, – сказаў міністр.
“Я разглядаю гэта як гібрыдныя атакі, бо ў гэтага ёсць мэта. Гэта прызвана ўскладніць жыццё польскім службам. У гэтым няма ніякіх сумненняў. Гэта яшчэ адзін этап у працэсе пераследу польскіх службаў беларускімі службамі. У гэтым я не сумняваюся. Аднак за гэтай практыкай, безумоўна, стаіць імкненне да незаконнай кантрабанды”, – дадаў ён.
Паводле ацэнкі Кервіньскага, няма падстаў уводзіць надзвычайныя меры, але пасіўным польскі бок не будзе.
“Але каб было зразумела, мы не застаёмся пасіўнымі ў гэтых пытаннях, як і ў любых іншых пытаннях, што тычацца парушэнняў нашай мяжы. Адбылася сустрэча з пасольствам, з беларускім прадстаўніком. Таксама ёсць кантакты паміж памежнымі службамі. Таму беларускі бок, безумоўна, павінен чакаць, што мы таксама будзем прымаць розныя меры, каб адвадзіць ад падобных дзеянняў”, – сказаў міністр.
Ён пацвердзіў, што памежнікамі былі затрыманы 8 чалавек, датычных да паветранай кантрабанды, а ўсяго з пачатку года было праведзена 16 такіх затрыманняў.
Кервіньскаму таксама было зададзена пытанне пра парушэнне польскай мяжы мігрантамі. Паводле яго слоў, апошнім часам такіх спробаў не было, што абумоўлена зімой і моцнымі маразамі.
“Мы ўважліва сочым за сітуацыяй, і памежная служба гатова супрацьстаяць гэтаму ціску”, – адказаў ён на пытанне пра тое, як будзе развівацца міграцыйная дынаміка на мяжы.
