Казахстан не атрымліваў афіцыйных паведамленняў аб прыпыненні транзіту нафты па “Дружбе”. Пра гэта заявіў міністр энергетыкі Казахстана Ерлан Аккенжэнаў. Разам з тым па неафіцыйных каналах гэтая інфармацыя атрымана.
“Па неафіцыйных крыніцах, я гэтую інфармацыю атрымаў. Афіцыйных заяў з расійскага боку пакуль не было”, – сказаў ён, перадае “Інтэрфакс-Казахстан”.
Нагадаем, учора Reuters паведаміла, што РФ збіраецца прыпыніць транзіт казахстанскай нафты па “Дружбе” з 1 мая.
“Расійскі бок, зноў жа па неафіцыйных крыніцах, заяўляе пра адсутнасць тэхнічнай магчымасці па перапампоўцы казахстанскай нафты. Хутчэй за ўсё, гэта звязана з нядаўнімі ўдарамі па расійскай інфраструктуры. Я раблю такое дапушчэнне”, – дадаў Аккенжэнаў.
Паводле яго слоў, прыпыненне пакуль датычыцца толькі мая.
“На сённяшні момант гэта датычыцца пакуль мая, паколькі ў нас індыкатыў на другі квартал расійскі бок паказаў па ўсіх трох месяцах нуль. Але я размаўляў са сваімі калегамі, не буду называць імёнаў, як толькі пытанне па тэхнічнай магчымасці вырашыцца, транзіт казахстанскай нафты адновіцца”, – запэўніў ён.
Трэба адзначыць, што галіна “Дружбы”, па якой казахстанская нафта паступае ў Германію, праходзіць і па тэрыторыі Беларусі. У мінулым годзе па ёй было перапампавана 2,15 млн т.
