У ходзе вясновай сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, член дэлегацыі Каардынацыйнай рады ў ПАСЕ Павел Латушка сустрэўся з генеральным сакратаром Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы Мацьё Мары.
Генеральны сакратар адзначыў актыўную працу дэлегацыі Каардынацыйнай рады і заявіў, што Кангрэс плануе ўзмацніць працу па падтрымцы вызваленых беларускіх палітвязняў і рэпрэсаваных беларусаў. У якасці прыкладу паспяховага ўзаемадзеяння ён прывёў рэгіён Таскана ў Італіі, дзе дзейнічаюць праграмы падтрымкі і наладжана камунікацыя з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.
Латушка таксама звярнуў увагу на праблему немагчымасці атрымання пенсій беларусамі сталага ўзросту, вымушанымі пакінуць краіну. У якасці аднаго з рашэнняў ён прапанаваў праграмы сацыяльнай падтрымкі на ўзроўні мясцовых органаў улады.
Асобна абмяркоўваліся транснацыянальныя рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі. Бакі разгледзелі, як мясцовыя ўлады могуць дапамагаць беларусам, якія сутыкнуліся з пераследам, — у пытаннях легалізацыі, прадастаўлення жылля і сацыяльнай дапамогі на муніцыпальным узроўні. Генеральны сакратар адзначыў, што дэлегацыя Каардынацыйнай рады можа накіроўваць звароты грамадзян у Кангрэс для садзейнічання ў вырашэнні канкрэтных праблем.
Латушка падзякаваў за рашэнне Бюро Кангрэса падоўжыць удзел дэлегацыі Каардынацыйнай рады ў сесіях яшчэ на два гады, а таксама высока ацаніў ініцыятыву па падрыхтоўцы спецыяльнага даклада «Роля мясцовых і рэгіянальных уладаў у падтрымцы беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці». Паводле слоў Латушкі, гэты дакумент будзе важны для пашырэння магчымасцей беларускага грамадзянскага грамадства ў перыяд вымушанай эміграцыі, паведамілі ў прэс-службе КР.
