Эксперты MacroBy прадставілі чарговы выпуск “Маніторынгу эканомікі Беларусі”. Ён прысвечаны вынікам 2025 года і змяшчае прагноз на 2026 год.
Рост ВУП у чацвёртым квартале мінулага года склаў 0,3%. Па выніках года айчынная эканоміка вырасла на 1,3%, што ў тры разы менш за тэмпы 2023-2024 гадоў.
“Запаволенне ўнутранага попыту і стрыманая дзелавая актыўнасць у Расіі абмяжоўвалі дынаміку ВУП Беларусі. У выніку перагрэв эканомікі істотна скараціўся ў другой палове мінулага года і ацэньваецца каля 1,2% патэнцыйнага ВУП у IV квартале”, – гаворыцца ў дакуменце.
Трэба адзначыць, што ў студзені было зафіксавана падзенне ВУП на 1,2%.
Эксперты прагназуюць, што беларуская эканоміка вырасце ў гэтым годзе ў межах 0,5-1,5%. У прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця, зацверджаным Лукашэнкам, змяшчаецца больш высокая мэта – 2,8%.
“Няжорсткая эканамічная палітыка падтрымае ўнутраны попыт. Аднак, паколькі стымулы не будуць значна ўзмоцнены, яго рост будзе запавольвацца пасля моцнага перагрэву ў 2023 г. – пачатку 2025 г. У спалучэнні са стрыманым знешнім попытам з-за чаканага слабога росту эканомікі Расіі гэта выльецца ў невысокі прырост ВУП Беларусі ў дыяпазоне 0,5–1,5% у 2026 г. У такіх умовах верагодна зніжэнне вастрыні праблемы дэфіцыту работнікаў і запаволенне росту рэальных заробкаў з 9% у 2025 г. да 3–5% у 2026 г.”, – гаворыцца ў публікацыі.
У MacroBy мяркуюць, што кансалідаваны бюджэт будзе ў гэтым годзе выкананы з дэфіцытам каля 1% ВУП. Аднак назапашаныя рэзервы дазволяць падтрымліваць высокі аб’ём выдаткаў, але без іх істотнага нарошчвання. Фіскальная палітыка застанецца нежорсткай у бягучым годзе, але маштаб бюджэтнай падсілкоўкі ўнутранага попыту скароціцца.
“Нацбанк працягне падтрымліваць неабмежавальныя манетарныя ўмовы ў 2026 годзе з фокусам на стымуляванні эканамічнай актыўнасці”, – гаворыцца ў публікацыі.
Яе аўтары лічаць, што пры адсутнасці моцных знешніх шокаў рэгулятар можа знізіць стаўку рэфінансавання на 0,25–0,75 п.п. Сярэдняя стаўка па рублёвых крэдытах таксама будзе зніжацца.
Знешні гандаль застанецца ў гэтым годзе дэфіцытным. У выніку магчыма ўмеранае аслабленне беларускага рубля.
Інфляцыя ў першым паўгоддзі запаволіцца і будзе ніжэй за 6%. Аднак да канца года вырасце да 6-7%.
“Рызыкі для прагнозу застаюцца высокімі, перш за ўсё з-за нявызначанасці знешняга асяроддзя. Пагроза магутнага ўзмацнення санкцыйнага ціску на Беларусь і Расію застаецца на парадку дня, як і верагоднасць змякчэння абмежаванняў. Апошняе можа прывесці да прыкметнага паляпшэння кароткатэрміновых перспектыў выпуску. У выпадку ж спаду ў Расіі вялікія шанцы большага аслаблення ўнутранага попыту ў Беларусі, чым прагназуецца ў базавым сцэнарыі.
Рызыкай для прагнозу з’яўляецца адчувальная верагоднасць актыўнага змякчэння манетарнай палітыкі ў Беларусі. Калі працэнтныя стаўкі будуць зніжацца значна хутчэй за інфляцыю і інфляцыйныя чаканні, то аб’ём выпуску можа часова істотна перавысіць збалансаваны ўзровень. Гэта будзе фарміраваць умовы для паскарэння інфляцыі вышэй за 7% г/г, асабліва ў выпадку зніжэння схільнасці насельніцтва да зберажэнняў. Высокая верагоднасць, што пры аддаленні інфляцыі ад 7% г/г цэнавы кантроль будзе ўзмоцнены”, – падсумавалі аўтары агляду.
