Былы палітвязень Ігар Лосік расказаў у сваім блогу ў Facebook пра лёс сумна вядомага былога афіцэра спецпадраздзялення “Алмаз” Валерыя Ігнатовіча. Паводле яго інфармацыі, у Ігнатовіча ў турме з-за працяглай галадоўкі адмовілі ногі.
“Пакуль сядзеў у турме, за 5 гадоў ускосна перасекся і крыху набраў інфармацыі, чутак пра былых афіцэраў “Алмаза”, якіх абвінавацілі і пасадзілі за выкраданне і забойства журналіста Дзмітрыя Завадскага ў 2000 годзе.
Калі я трымаў галадоўку ў Жодзіне ў студзені 2021 года, мяне вельмі рознымі спосабамі спрабавалі пераканаць яе спыніць, і начальнік медчасткі Жодзіна аднойчы сказаў: ты што, хочаш, каб у цябе ногі адмовілі ад працяглай галадоўкі, як у Ігнатовіча? Ён не прымае ежу больш за 50 дзён і ўжо не будзе хадзіць. І ў цябе будзе таксама, будзем праз трубачку карміць або праз клізму.
Ужо ў сакавіку, калі я перарэзаў вены і мяне за гэта кінулі ў карцар, я чуў, як там непадалёку ўвесь час крычаў і стагнаў ад болю гэты Ігнатовіч. Зразумеў я гэта, бо прадольныя часам называлі яго па прозвішчы. Ён крычаў проста цэлымі суткамі і днём, і ноччу, і гэта было вельмі жудасна. Праўда, прадольныя з гэтага смяяліся і паджартоўвалі над ім.
На Магілёўскай крытцы сядзеў Аляксей Гуз. Ён нікому не кажа, хто ён і за што сядзіць. Гадоў 20, а можа і больш ён знаходзіўся ў адзіночцы. Яму спрабавалі падкінуць людзей у камеру, але ён іх заўсёды біў, уключаючы супрацоўнікаў СІЗА, так што з часам яго пакінулі аднаго і больш такіх спроб не прадпрымалі.
Барада ў яго ніжэй за пояс. Гуляць выводзяць у кайданках на руках і на нагах. Сам з сабой ужо размаўляе, смяецца, але дыялог можа падтрымліваць па міжкамернай сувязі. Пра сваю “дзелюгу” не гаворыць ніколі, маўляў “разбой, нічога цікавага”. Ён пастаянна выкідвае посуд на прадал, калі яму прыносяць яго ў камеру. Нібыта павінен ужо вызваліцца, бо яму прысудзілі 25 гадоў”, — напісаў Лосік.
***
Валерый Ігнатовіч, 1970 года нараджэння, — былы афіцэр спецпадраздзялення «Алмаз» МУС Беларусі. У 1998 годзе падчас вучэнняў атрымаў траўму — кампрэсійны пералом пазваночніка. Быў камісаваны з другой групай інваліднасці. Некаторы час быў інструктарам у беларускім аддзяленні РНЕ. У снежні 1999 года ўпершыню з’ехаў у Чачню, а ў сакавіку паступіў на службу ў 22-ю брыгаду ГРУ Міністэрства абароны Расіі.
У сакавіку 2002 года Ігнатовіча прыгаварылі да пажыццёвага зняволення. Суд прызнаў яго вінаватым у выкраданні аператара Дзмітрыя Завадскага. Але — не ў забойстве. Разам з ім судзілі байца “Алмаза” Максіма Маліка і былога курсанта акадэміі міліцыі Аляксея Гуза. Малік быў прыгавораны да пажыццёвага турэмнага зняволення, а Гуз — да 25 гадоў. Яшчэ адзін абвінавачаны — Сяргей Савушкін прыгавораны да 12 гадоў зняволення з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму.
Ігнатовіч, паводле версіі следства, хацеў адпомсціць журналісту за адзін з яго матэрыялаў, у якім Завадскі сцвярджаў, што сярод чачэнскіх баевікоў ёсць грамадзяне Беларусі. Ніякіх прозвішчаў у матэрыяле Дзмітрый не называў, але ў пракуратуры ўпэўнены, што Ігнатовіч прыняў сказанае на свой рахунак і адпомсціў Завадскаму.
На пачатку 2000-х Ігнатовіча абвінавачвалі ў жорсткім забойстве азербайджанскай сям’і з 5 чалавек, але справа па незразумелай прычыне развалілася ў судзе. Акрамя таго, Ігнатовіч абвінавачваўся ў тым, што ў п’янай сварцы зарэзаў лідара беларускіх баркашоўцаў Глеба Самойлава, які настойваў на яго выключэнні з шэрагаў РНЕ за амаральны ўчынак.
