Беларусь і Інданезія па выніках пасяджэння міжурадавай камісіі, якое адбылося на мінулым тыдні, падпісалі пяць мемарандумаў аб узаемаразуменні на ўзроўні прадпрыемстваў. Агульная сума падпісаных дакументаў складае каля 427 млн долараў, паведамляе Indonesia Business Post.
Паводле інфармацыі выдання, гаворка ідзе пра стратэгічнае супрацоўніцтва паміж PT Pupuk Indonesia і прадпрыемствам “Недра Нежин”. PT Pupuk Indonesia — інданезійскае дзяржаўнае прадпрыемства, якое займаецца вытворчасцю ўгнаенняў і хімікатаў. “Недра Нежин” займаецца вытворчасцю калійных угнаенняў.
Астатнія дакументы датычацца ўзаемадзеяння PT Indonesia Belarus Jaya з “Мінскім малочным заводам №1”, “Энергакамплектам”, “Даламітам” і Belindo Trade.
Адзначаецца, што бакі дамовіліся пра далейшае супрацоўніцтва ў галіне электрамабіляў, паўправадніковай прамысловасці і паставак калійных угнаенняў.
Падчас візіту ў Беларусь інданезійскай дэлегацыі таксама прайшлі перамовы, прысвечаныя падрыхтоўцы візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Інданезію. У МЗС абмяркоўвалася пытанне адкрыцця пасольства Інданезіі ў Мінску.
У публікацыі таксама адзначаецца, што аб’ём узаемнага гандлю паміж Беларуссю і Інданезіяй дасягнуў 221 млн долараў.