Генеральны сакратар Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы Мацье Мары заявіў аб падтрымцы выбараў у Каардынацыйную раду, якія пройдуць з 11 па 17 мая:
«Выбары ў Каардынацыйную раду — гэта выразны сігнал рэжыму Лукашэнкі і міжнароднай супольнасці аб непахіснай прыхільнасці беларускага народа дэмакратычным каштоўнасцям”, – адзначыў Мары.
Паводле яго слоў, выбары ў КР – гэта не проста акт супраціву, але і яшчэ адна цагліна ў падмурку будучай дэмакратычнай Беларусі.
“Свабодныя і справядлівыя выбары — краевугольны камень любой дэмакратычнай сістэмы. Гэта самы прамы спосаб для грамадзян выказаць сваё меркаванне, неабходны для легітымнасці дэмакратычных інстытутаў. Без празрыстасці, справядлівасці і сапраўднага выбару на выбарчых участках ні вяршэнства права, ні правы чалавека не могуць у поўнай меры квітнець. Гэтыя выбары ў Каардынацыйную раду — гэта больш, чым акт супраціву аўтарытарызму. Яны ўяўляюць сабой мэтанакіраванае будаўніцтва будучай дэмакратычнай Беларусі”, – дадаў ён.
“Арганізуючыся, абмяркоўваючы і адкрыта супрацоўнічаючы, беларускія дэмакратычныя сілы закладваюць інстытуцыйныя асновы, неабходныя для вартага даверу дэмакратычнага пераходу. Для выбарцаў кожны пададзены бюлетэнь — гэта будаўнічы блок у падмурку свабоднай, суверэннай і еўрапейскай Беларусі. Кангрэс з вамі. І цалкам падтрымлівае вашыя намаганні па вызначэнні вашай дэмакратычнай будучыні. Жыве Беларусь”, – заключыў Мары.
