Гендырэктара прадпрыемства нафтахімічнага комплексу будуць судзіць за крадзеж

Навіны
Фото: Генеральная прокуратура

Генпракуратура накіравала ў Мінскі абласны суд крымінальную справу ў дачыненні да былога генеральнага дырэктара аднаго з прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу, а таксама трох іншых грамадзян. Яны абвінавачваюцца ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі па ч. 4 арт. 210 Крымінальнага кодэкса.

Паводле версіі абвінавачання, у канцы 2021 года былы гендырэктар і яго зяць дамовіліся выкрасці грошы прадпрыемства пад выглядам іх выкарыстання для аплаты тэхнікі і абсталявання. Была абраная схема з набыццём тавараў па завышанай цане.

“Далей зяць генеральнага дырэктара, дзейнічаючы ўзгоднена з ім, уступіў у змову з іншым кіраўніком, які пагадзіўся забяспечыць сістэмныя пастаўкі тэхнікі і абсталявання праз прадстаўляемыя ім замежныя і беларускую камерцыйныя арганізацыі.

Ён жа выказаў гатоўнасць уключаць у кошт пастаўкі суму сродкаў, якая падлягае крадзяжу, якая яму загадзя паведамлялася. Пасля паступлення на рахункі ўказаных арганізацый грошы падлягалі пералічэнню па ўяўных падставах у адрас замежных суб’ектаў гаспадарання, не задзейнічаных у пастаўцы абсталявання”, – гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.

У маі 2022 года быў прыцягнуты яшчэ адзін чалавек, ён займаўся абнаяўленнем сродкаў.

“Адзіны намер, накіраваны на супрацьпраўнае завалоданне групай асоб па папярэдняй змове грашыма прадпрыемства нафтахімічнага комплексу на агульную суму больш за 660 тыс. еўра, або каля 2,4 млн рублёў, рэалізаваны – у адрас курыруемага аграрнага прадпрыемства пастаўлены сельскагаспадарчая тэхніка і абсталяванне”, – дадалі ў пракуратуры.

Трое абвінавачаных знаходзяцца пад вартай, чацвёрты — пад падпіскай аб нявыездзе.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.