«Флагшток» расказаў, якую пляцоўку разглядаюць для пахавання радыеактыўных адходаў у Гомельскай вобласці. Гаворка ідзе пра вёску Навасёлкі, якая знаходзіцца блізка да мяжы Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, але не ўваходзіць у яго склад.
Выбар месца для будаўніцтва пункта пахавання радыеактыўных адходаў БелАЭС працягваецца. Раней афіцыйна называліся тры варыянты: тэрыторыя побач з БелАЭС у Астраўцы (Гродзенская вобласць), участкі ў Магілёўскай вобласці і Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік — раёны ля мяжы з Літвой, Расіяй або Украінай.
Аўтары звярнулі ўвагу на справаздачу аб грамадскім абмеркаванні з загалоўкам «Пытанне стратэгічнай важнасці — пра бяспечнае заўтра», апублікаваную ў раённай газеце «Хойніцкія навіны».
У ёй называецца вёска Навасёлкі. Яна знаходзіцца за 7 кіламетраў ад Хойнікаў, паблізу мяжы запаведніка, але не ўваходзіць у яго склад. Вёска не трапіла ў зону абавязковага адсялення і фактычна вымерла ў апошнія гады, адзначае рэсурс.
Пра магчымыя планы будаўніцтва на сустрэчы з мясцовымі жыхарамі расказалі дырэктар Беларускай арганізацыі па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі Дзмітрый Логвін і начальніца аддзела ідэалагічнай працы і па справах моладзі Наталля Ешчанка.
Прысутным на абмеркаванні паведамілі, што першая чарга будаўніцтва пункта пахавання і перапрацоўкі радыеактыўных адходаў можа пачацца да 2030 года, то-бок работы могуць стартаваць ужо праз год-два.
«Адзін з раёнаў, дзе прапануецца будаўніцтва пункта, — Хойніцкі раён, тэрыторыя вёскі Навасёлкі. У цэлым сказаць, што мы дакладна вызначыліся з межамі, з участкамі, з пляцоўкамі, нельга. Гэта вельмі скрупулёзная праца, яна вельмі доўгаграючая. Мы павінны выбраць максімальна бяспечную пляцоўку, улічыць усе геалагічныя, геаграфічныя асаблівасці гэтай тэрыторыі для таго, каб потым інжынернымі бар’ерамі ўзмацніць бяспеку гэтага аб’екта. І самае важнае — даведацца меркаванне людзей, якія пражываюць паблізу гэтай тэрыторыі. Таму выйшлі на адкрыты дыялог з жыхарамі аграгарадка Стрэлічава», — адзначыў Логвін.
Ён таксама «прапанаваў прысутным сур’ёзна падумаць, перш чым выносіць такое важнае рашэнне — ад сябе ж паабяцаў вярнуцца, каб больш падрабязна і прадметна пагаварыць». Меркаванні людзей газета не прывяла.
Раней паведамлялася, што для будаўніцтва пункта спатрэбіцца плошча прыкладна 1 кв. км.

Інфаграфіка «Флагштока»: месца могільніка на карце



