У Мінску затрымалі траіх жыхароў Фрунзенскага раёна, якіх падазраюць у пашкоджанні камер відэаназірання. Па ўсіх эпізодах узбуджаныя крымінальныя справы паводле артыкула аб хуліганстве.
Як паведамілі ў МУС, у розныя дні на лінію «102» паступілі паведамленні пра пашкоджанне трох камер відэаназірання, усталяваных у Фрунзенскім раёне сталіцы.
У першым выпадку 33-гадовы мінчук, які раней неаднаразова быў судзімы, распіваў спіртныя напоі каля жылога дома і не рэагаваў на заўвагі жыхароў. Пасля таго як адзін з жыхароў паказаў на ўсталяваную камеру і прыгразіў выклікаць міліцыю, мужчына ўзлез на бетонную агароджу, ударыў прыладу нагой і выкруціў яе.
Другі інцыдэнт адбыўся на тэрыторыі паркінга. 17-гадовы мінчук, раней судзімы за хуліганства, спачатку трапіў у камеру футбольным мячом, а затым канчаткова вывеў яе са строю.
Трэцяе пашкоджанне камеры адбылося на тым жа паркінгу ў іншай яго частцы. Устаноўлена, што да гэтага датычны 16-гадовы навучэнец каледжа. Падчас разбіральніцтва падлетак растлумачыў свае дзеянні жаданнем зрабіць уражанне на сяброў.
«Усе фігуранты абавязаныя пакрыць нанесеную шкоду», — заявілі ў ГУУС Мінгарвыканкама.
