Фіналісты Прэміі Гедройця. «Забойства на вуліцы Макаёнка»: дэтэктыў пра постпратэсны Мінск 2020-х, які вы (не) чакалі

Артыкулы

«Культурны фронт» сумесна з Беларускім ПЭНам і Міжнародным саюзам пісьменнікаў працягвае серыю публікацый пра шорт-лістараў галоўнай літаратурнай узнагароды. Другі наш аўтар — Клёк Штучны, які ўвайшоў у кароткі спіс Прэміі Гедройця з дэтэктывам пра пострэвалюцыйны Мінск 2020-х «Забойства на вуліцы Макаёнка». На конкурс падавалася аўдыяверсія твора.

Ужо не першы год ідзе размова пра тое, што беларускай літаратуры не хапае жанравых рэчаў. «Няма добрага дэтэктыву, калі б чытаў і не мог адарвацца», — кажа адзін. «Хочацца нешта такое, каб проста адпачыць, але гэта ўсё было про нас», – агучвае запыт другая. «Беларуская літаратура надта сур’ёзная для мяне», – скардзіцца трэці.

Вядома, шматлікія жанры ў беларускай літаратуры сапраўды не асвоены і толькі пачынаюць развівацца. Але як спявае Джордж Майкл, «слухай чытай без прадузятасці» («listen without prejudice»). Часам, каб спатоліць свой запыт, трэба пачаць чытаць. Новая кніга «Забойства на вуліцы Макаёнка» Клёка Штучнага — для адкрытай і дасціпнай публікі можа стаць тым самым творам, які здолее і развесяліць, і запаволіць у бясконцай гонцы спажывання навін. А самае галоўнае, ён дазволіць пабываць у Мінску пасля 2020 года і паглядзець на беларускую рэвалюцыю з зусім неканвенцыйнага боку, — а гэта, пагадзіцеся, шмат чаго каштуе.

Фіналісты Прэміі Гедройця. «Забойства на вуліцы Макаёнка»: дэтэктыў пра постпратэсны Мінск 2020-х, які вы (не) чакалі
Кніжны варыянт дэтэктыву быў апублікаваны ў выдавецтве “Янушкевіч”.

Сюжэт у трох сказах. Халасцяк Якуб Пісьменны ў паслярэвалюцыйным Мінску 2020-х бярэцца за расследаванне забойства Жанны Танцэн, якое прыводзіць яго да загадкавай фігуры Купца Гільдыі гарадскіх вар’ятаў. Дзейнічаючы ў абставінах рэпрэсій рэжыму і метафізічных катаклізмаў, Якуб прыходзіць да разгадкі, якая ў тым ліку пралівае святло і на перыпетыі яго сямейнай гісторыі.

На пачатку кнігі шаноўная рэдакцыя нас папярэджвае: аўтар крымінальнага рамана — «не настаяшчы». Дэтэктыў напісаў штучны інтэлект пасля азнаямлення з:

1) выбранымі празаічнымі творамі найноўшай беларускай літаратуры за трыццаць гадоў незалежнасці, даступнымі ў Сеціве;

2) палітычнай аналітыкі за 2020–2022 гады на беларускіх сайтах навін;

3) сюжэтамі выбраных твораў канца XIX — пачатку XX стагоддзя, «залатога веку» брытанскага дэтэктыва.

Усё гэта, вядома, інтрыгуе, але прачытаўшы твор, хачу сказаць, што Клёк Штучны валодае надта выбітным талентам назіральніка дый, уласна, веданнем кантэксту сучаснага мінскага жыцця, якое не прачытаеш у навінах і «выбраных празаічных творах».

Інтрыга дэтэктыву, уласна, пачынаецца з таго, што на вуліцы Макаёнка адбываецца забойства не якога-небудзь ноўнейма беларускага істэблішменту, а… мінскай гарадской вар’яткі Жанны Танцэн. «Багемны матылёк, які пералятаў з імпрэзы на імпрэзу», «гарадская легенда» была задушана пякельным механізмам-кулонам.

«Чаму яе называлі Танцэн? — тлумачыць аўтар. — Бо падчас імпрэзы, выступу ці кніжнай прэзентацыі Жанна падхоплівалася з месца і ў праходах паміж крэсламі пачынала жарсна і зграбна танцаваць мазуркі, менуэты ці лявоніхі». Ці не пазнаеце вы ў некім гэтую пані?

Ідзем далей. Пасля забойства Танцэн небяспека ў дэтэктыве пагражае і іншай мінскай знакамітасці — Камароўскай Прымадонне, вядомай спевамі не толькі на, уласна, крытым рынку горада, а ў падземных пераходах, на праспектах і вуліцах. Народнай, так сказаць, артыстцы Камароўкі і яе ваколіц.

А потым Штучны ўвогуле дэманструе экспертнасць у тэме «гарадскія вар’яты Мінска»: Дзядзя Мяўк, Марыя-Антуанета, Любка-Кнігалюбка — у кнізе з’яўляюцца персанажы, апісанне якіх да болю нагадвае рэальных мінскіх зорак горада. Не, не мог ШІ настолькі добра ведаць «святых» для мінскай гарадской культуры людзей.

Акрамя таго, звяртае на сябе ўвагу тое, з якім веданнем справы, іроніяй і шчымлівай тугой апісвае пісьменнік пасляпратэсны Мінск.

Разнавіднасці чырвона-зялёных сцягоў на вуліцах, надыход новай Эры маладых кантралёраў у транспарце, невымоўную нянавісць мінчукоў да аўтазакаў, цацачныя заарпаркі ў мінскіх дварах.

Не веру і тут у крэатыўныя здольнасці нейрасеткі.

Цытата з кнігі:

“Пасля паразы рэвалюцыі дваццатага выйшаў загад вывесіць на канторах і крамах дзяржаўныя сцягі. Да іх неўпрыкмет падцягнуліся жылыя дамы. Раней сцягі адно лімітавана матляліся па-над міліцыяй і пажарнымі часцямі. Цяпер, праз два гады пасля ўсяго, смарагдава-кумачовае мора па ўсім горадзе імітавала актыўную дзейнасць.

Аднак, калі прыгледзецца, сцягі віселі кожны на свой манер. Некаторыя луналі ганарліва, царом гары. Іншыя — сарамліва. Некаторыя нават драматычна трапяталі перад немінучым будучым судзілішчам. Былі і нявольнікі, якіх цягнулі на самае дно грузілы або руберойдныя абрэзкі, прывязаныя за рогі палотнішча. Тыя, што на прыватных крамках і рамонтах абутку, аддана, як хвасты дробных цюцек, хапатлівымі маханнямі выказвалі сваю лаяльнасць. Іншыя — такія як над маімі роднымі Акадэміяй навук і ўніверсітэтам — інтэлігентнымі ўзмахамі пагаджаліся, маўляў, ну вы ж самі ўсё разумееце, аддаць кесару кесарава. Пракідваліся і дысідэнты — сцягі дагары нагамі (зялёным угару, чырвоным — уніз). Але такіх з цягам контррэвалюцыі рабілася ўсё менш і менш.

Самыя нажорыстыя сцягі матляліся над дзяржаўнымі ўстановамі: з новымі тронкамі, з жорсткім металёвым фіксатарам у форме шыбеніцы (або літары «Г»), набытыя на судовыя спагнанні з пратэстоўцаў. Пасля двух, максімум трох дэмісезонаў рабочыя скідалі іх долу, як старога цара гары, і выпраўлялі на заслужанае пахаванне ў музейны вырай. Цешачыся наперад персанальнай пенсіяй, тыя сцягі красаваліся як пераспелыя маліны”.

І ключавую выдумку твора — з’яўленне ў кватэры галоўнага героя — Якуба Пісьменнага, які і ўзяўся за расследаванне забойства Жанны Танцэн, такога «цуду» як Адтуліна — не, тое не пад сілу згенерыраваць вялікай моўнай мадэлі, як апісала сябе адна з праграм. Адтуліна — гэта праход, дзюрка, праз якую з задушанага Мінска можна патрапіць у Еўропу. Ці можа ШІ адчуць усю іронію і веліч гэтага вобраза? Не, і яшчэ раз не.

Клёк Штучны надзвычай цікава працуе з сучаснасцю. Ён (ці яна) пільна ўглядаецца ў аблічча Мінска, фіксуючы змены ў горадзе Сонца пасля Жнівеньскай Рэвалюцыі, і выбудоўвае пэўную дыстанцыю да вядомых падзей і актуальнага стану рэчаў з дапамогай гумару і жанру.

Да прыкладу, у «пакеце» да Адтуліны ў рамане дзейнічае цудоўны персанаж — здань бабы Хані, якая ў жыцці была імпрэсарыё гарадскіх вар’ятаў. Не ўнікаючы ў падрабязнасці, адметнасцю прывіду з’яўляецца яго гаворка: у выніку абставінаў невядомай сілы ў моўным арсенале істоты засталася толькі лексіка рэвалюцыі дваццатага. І як Элачка-людаедка ў «Дванаццаці крэслах» Ільфа і Пятрова «рэзала» паветра словамі «Мрак» і «Парниша», прывід бабы Хані вымушаны жангліраваць слоганамі гарачых 2020-х, каб апісаць свае эмоцыі і думкі.

— Стоп-таракан. Тры працэнты. Жыве!

— Ты неймаверны!

— Беларус беларусу беларус!

— Злачынны рэжым! — кажа здань бабы Хані, адказваючы на даволі бытавыя пытанні, не ў стане разбурыць моўнае пракляцце. Але гэта персанаж, які ведае значна больш, чым Элачка-людаедка; баба Ханя бабуля Якуба Пісьменнага мае ключы да многіх таямніц.

Нельга абмінуць увагай і цудоўнага персанажа Захара, былога актора масоўкі «Беларусьфільма», які воляю лёсу апынуўся ў шэрагах работнікаў праваахоўных органаў, ладна ўпісаўшыся ў ролю сяржанта карнага атрада палітычнай паліцыі.

Клёк Штучны бліскуча яго прадстаўляе, даючы адсылку да «Майстра і Маргарыты» Міхаіла Булгакава:

«У адпрасаванай нацысцкай уніформе з чырвоным падбоем яфрэйтара СС, з накінутым на плячо бутафорскім «шмайсерам», стаяў на праспекце Захар тым вераснёўскім ранкам дваццатага года». (Аўтар гэтых радкоў адзначае найбольш відавочныя адсылкі да класікі, але іх тут нашмат болей).

З выдумкай апісаны ў творы і візіт на кватэру Якуба «swatоў» — то-бок, байцоў штурмавога атрада.

«Палітычная паліцыя — гвалт, аддадзены на аўтсорсінг. Маладыя хлопцы, набраныя па розных каналах, якія каторы год не разумелі, чаму “не могуць біць ворага ў нос адразу», — дае хвосткія характарыстыкі спадар Клёк.

Цытата з кнігі:

“Хто вы, сынкі? — нечакана для самога сябе і для мяне запытаў Захар сваіх калег, якія засяроджана жавалі. Я перавёў на іх позірк. На Захара абыякава паглядзелі зробленыя з каменнага вуголля големы, у якіх немавед з якіх прычын удыхнулі жыццё. Блізкі, самы нізкі, лейтэнант-касталом няспешна пражаваў чорнае ўчарашняе мяса. Зноў, не датыкаючыся да твару, за сантыметраў пяць працёр вусны. Я паглядзеў — кетчуп адтуль знік. Потым калега паглядзеў проста ў вочы Захару і паволі, бясколерна прамовіў:

— Мы — Шашлычныя Багі.

Пры гэтых словах ніхто з хлапцоў не засмяяўся, усе службісцкія смехуёчкі аціхлі. Толькі ўваччу аднаго з іх, які стаяў злева ад лейтэнанта-каcталома, недзе глыбока-глыбока на дне запаліўся аранжавы, дробны-дробны агеньчык. Потым у другога, і гэтак па ланцужку. Злосны, ненасытны агеньчык вечнага жэру”.

Іранізуючы і нібыта адсланяючыся ад апісанай невясёлай рэчаіснасці праз гумар і стыль, аўтар тым не менш вядзе чытача да рэчаў метафізічных. І ў пэўныя моманты адсылка да Булгакава не абмяжоўваецца толькі лінгвістычнымі абаротамі.

Але метафізіка Штучнага мае сваю, беларускую спецыфіку — аўтар выпісвае мінскі хаос 2020-х з уласцівымі нашай прасторы абліччамі, месцамі, атрыбутыкай, размовамі.

У крымінальным рамане можна будзе патрапіць у кватэры Любкі-Кнігалюбкі, Жанны Танцэн, на канцэрт у апошнім рок-клубе сталіцы, прайсціся па цэнтры горада, зазірнуць у гравёрныя на раёне, здрыгануцца ад званка старога Nokia.

Вуснамі Дзядзі Мяўка Штучны агучыць легенду пра загадкавага Купца Гільдыі гарадскіх вар’ятаў, які карае за правіны чальцоў закрытага аб’яднання.

Працуючы з тэмай вар’ятаў, аўтар дабярэцца да легенды, пройдзе яе наскрозь, каб у выніку зноў вярнуцца ў постпратэсны Мінск, у якім абсурд і цуды сталі часткай жыцця.

Мінск задушаны, але між тым жывы, выдуманы і рэальны, пазнавальны і зменлівы, паўстае як прастора сучасных Шашлычных Багоў, міфічных і сапраўдных Купцоў, гарадскіх і родных дзівакоў, рэвалюцыйных зданяў і самотных альтруістаў.

Цытата з кнігі:

“Спаць ля Адтуліны было кайфам. Я проста раскладаў на падлозе спальны мех, цёплы і пухнаты, які пакінуў Яланце нейкі курдскі ўцякач, і клаўся галавой да сценкі з прабоінай. Адтуль даляталі шапоткія гукі і незнаёмыя пахі варшаўскіх, віленскіх, берлінскіх завуголляў. Згукі і галасы, салодкая чужына дражніла лёгкім пасатам і свабодай, шэптам мора і гор, куды амаль не трапляюць гукі з нашага Задалягляддзя. У паветры расцвіталі кветкі чужога побыту. У асабліва ціхмяныя дні было чуваць паўночнае падзынькванне познаньскага трамвая або ўрачысты «бом-бом» гадзінніка на рыжскай ратушы. Адметныя пахі, фарбы і зыкі заляталі ў нашу хрушчоўку і віліся пухкімі арабескамі. Усходняя і Сярэдняя Еўропа тачыліся ледзь улоўным павевам ветрыку праз вузкі лаз Адтуліны. Адтуль, дзе мае сябры, дзе зусім поруч, у рыжскім бары «Мазаіка», Аркадзь з Давісам, гэтыя два каўбоі, балююць і плятуць ласо сваіх шэрых схем. Дзе крыху далей, на крывых вулках старой Вільні, журналіст Алег, напоўнены двума літрамі ўжо замежнага «Швітурыса», сярэдначы вызвоньвае па свежакупленай сімцы сваіх калег. Дзе зусім на адлегласці, у Берліне, мае менскія сябры Аліна, Валера, Альгерд, Нюша і Лёша ў арандаванай кватэры покатам ляжаць разам на вялікай канапе ў гасцёўні, як кавалкі несабранага пазла. Кураць каноплі, абклаўшыся ні разу не разгорнутымі падручнікамі замежнай мовы. Глядзяць у столь і мараць пра разліў Нёмана”.

Праз Адтуліну праз пэўны час з Беларусі ў Еўразвяз пачнуць вадзіць курдаў.

З таго боку — на экскусію ў тыповую кватэру часоў жорсткага беларускага рэжыму цікаўных скандынаваў.

На хатнюю вячэру па збіранні бірулек-шкілецікаў прыйдзе мамін новы хахаль гер Ой.

У рэшце рэшт, Клёк Штучны прывядзе нас да сям’і як да месца дому. Але не трэба выключаць тут пародыі на дэтэктыўную спадчыну.

«Замес» вырашыцца амаль у духу Агаты Крысці ці Уладзіміра Караткевіча — галоўны герой знойдзе шлях, каб адкрыць невядомае — і тут не абыдзецца без перакладчыцкіх звышздольнасцей.

Адзінае, у чым можна папракнуць Штучнага — тое, што інтрыга вырашылся хутка, і пераход ад насычанага прыгодамі расследавання да развязкі адбыўся імкліва: чытач збольшага атрымае тлумачэнне ад крыніцы, а не «ўбачыць» карціну некаторых эпізодаў.

Важна адзначыць кінематаграфічнасць твора: кожная глава — лічы, распрацаваная сцэна, у якой так і ўяўляеш вядомых асобаў мінскага культурнага жыцця.

Можна яшчэ зрабіць некалькі заўваг да твора, але «Забойства на вуліцы Макаёнка» — сапраўдны падарунак усім, хто знаходзіцца ў рэальнай ці ўнутранай эміграцыі. Клёк Штучны скрыжаваў дэтэктыў з гарадскім раманам, каб праз Адтуліну творчасці мы трапілі ў сучасны Мінск, у якім яшчэ жывуць нашы гарадскія вар’яты: ад Камароўскай Прымадонны — да вашага суседа, які ў самую нечаканую хвіліну прыйдзе вам на дапамогу.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны