Інвеставаць і размаўляць трэба з беларускім грамадствам, а не з Лукашэнкам. Такое меркаванне выказаў намеснік старшыні АПК, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас дыскусіі “Еўропа супраць Расіі: якой будзе будучыня?”, што адбылася ў межах XI Еўрапейскага кангрэса мясцовага самакіравання, які прайшоў у польскіх Мікалайках.
На думку Латушкі, еўрапейскія суседзі Беларусі павінны вызначыцца з тым, якой яны хочуць бачыць краіну. Калі Польшча зацікаўлена ў незалежнай і дэмакратычнай Беларусі, то трэба распрацаваць пэўную стратэгію. У межах такой стратэгіі Латушка лічыць першачарговай барацьбу за беларускае грамадства.
“Якой яна мае быць, слушна сказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі: мяжа бяспекі Еўропы павінна праходзіць па ўсходняй мяжы Беларусі.
Інвеставаць у гэта можна рознымі спосабамі, але перш за ўсё цяпер ідзе барацьба за грамадства”, – сказаў ён, перадае АПК.
Павел Латушка падкрэсліў, што важна ўкладваць у інфармацыйную сферу. Пакуль жа ЕС робіць недастаткова, каб беларусы былі на яго баку.
“Вельмі важна інвеставаць у інфармацыйную сферу. Каб заўтра на мяжы не стаў расійскі салдат ці, што яшчэ горш, беларус у расійскай форме. Я лічу, што кожная еўрапейская краіна, якая зараз інвестуе ў бяспеку на мяжы, паступае правільна. Але Еўрапейскі саюз недастаткова інвестуе ў тое, каб беларусы былі прыхільныя да ЕС, у той жа час як Расія актыўна інвестуе ў сотні разоў больш у тое, каб яны былі настроеныя супраць Еўропы.
Інвеставаць трэба ў грамадства, а не ў Лукашэнку. Размаўляць трэба з грамадствам”, – дадаў ён.
Павел Латушка адзначыў, што беларуская эканоміка адчувае праблемы. На гэтым фоне Аляксандр Лукашэнка шукае магчымасці для кантакту з Еўропай, аднак ён павінен атрымаць ад ЕС выразныя ўмовы.
“Зараз эканоміка Лукашэнкі ў вельмі дрэнным стане, ён шукае магчымасцяў для кантактаў з Еўропай, але ён павінен атрымаць адназначны адказ: калі хочаш дамовіцца з Еўропай, спачатку мусіш дамовіцца з беларускім народам — сесці за круглы стол, як гэта было ў Польшчы. Мы павінны прымусіць яго да таго, каб грамадства стала суб’ектам у дзяржаве. Калі грамадства не будзе суб’ектам, то стаўце на Лукашэнку колькі хочаце — ён нічога не гарантуе, ён будзе выконваць загады з Крамля”, – сказаў ён.
Намеснік старшыні АПК таксама падкрэсліў, што Лукашэнка не з’яўляецца гарантам незалежнасці Беларусі, бо цалкам “прадаў знешнюю палітыку”. У Беларусі, на думку Латушкі, таксама няма самастойнай ваеннай палітыкі, бо падтрымка расійскай агрэсіі супраць Украіны і арганізацыя гібрыднай вайны супраць суседзяў не адпавядаюць інтарэсам беларускага народа.
Падчас дыскусіі Павел Латушка таксама падкрэсліў, што беларусы з’яўляюцца еўрапейскім народам, таму важна захоўваць сувязі народа з Еўропай: больш віз, адкрываць памежныя пераходы, актыўней рэалізоўваць праграмы падтрымкі грамадзянскай супольнасці.
Павел Латушка таксама адзначыў важнасць прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці за агрэсію супраць Украіны, дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей і злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа.
