Аляксандр Лукашэнка баіцца, што дзяржавы Персідскага заліва будуць уцягнутыя ў вайну з Іранам, і прапанаваў Тэгерану дапамогу, зыходзячы з пазіцыі, якую Беларусь заняла ў канфлікце.
«Мяне насцярожвае той факт, што дзяржавы Заліва могуць уцягнуцца ў гэтую вайну і стаць удзельнікамі гэтай дзікай вайны. Баюся, што так і будзе», — заявіў Лукашэнка на сустрэчы з паслом Ірана ў Беларусі Алірэзай Санеі 4 сакавіка.
Лукашэнка асцерагаецца, што канфлікт можа прывесці да непрадказальных наступстваў.
«Таму сусветная супольнасць, і перш за ўсё буйныя дзяржавы, а яшчэ больш перш за ўсё — Ізраіль і ЗША, павінны ўсвядоміць, што гэты канфлікт можа выліцца ў непрадказальныя падзеі», — папярэдзіў ён.
Лукашэнка пацікавіўся ў пасла, якую дапамогу можа аказаць Беларусь, зыходзячы з той пазіцыі, якую краіна заняла адносна гэтага канфлікту.
«Таму я хацеў бы абмеркаваць з вамі сітуацыю на Блізкім Усходзе і ў Іране і задаць вам пытанне: чым мы ў гэтай сітуацыі можам вам дапамагчы, зыходзячы з той пазіцыі, якую мы занялі па гэтым канфлікце. Міністэрства замежных спраў пра гэта дастаткова празрыста сказала. Гэта пазіцыя кіраўніцтва Беларусі і беларускага народа», — сказаў Лукашэнка.
Лукашэнка таксама заявіў, што нападзенне Ізраіля пры падтрымцы ЗША на Іран непрымальнае, і назваў непрымальнай гібель Вярхоўнага лідара Ірана Алі Хаменеі.
Нагадаем, 2 сакавіка МЗС Беларусі асудзіў узброеныя дзеянні, што вядуць да гібелі грамадзянскага насельніцтва, і заклікаў бакі вярнуцца да вырашэння рознагалоссяў палітыка-дыпламатычным шляхам.
