ЕС забароніць марскія перавозкі расійскай нафты ў 20-м пакеце санкцый

Галоўнае
Фото: Tetiana SHYSHKINA, unsplash.com

Новы, 20-ты пакет санкцый супраць Расіі закране банкі, у тым ліку ў трэціх краінах, крыптабіржы, ценявы флот Расіі, імпарт металаў і хімікатаў. Пра гэта заявіла сёння старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.

Новыя санкцыі прадугледжваюць поўную забарону на марскія перавозкі расійскай сырой нафты. ЕС плануе ўвесці яе ў каардынацыі з краінамі-партнёрамі пасля адпаведнага рашэння «Вялікай сямёркі».

У санкцыйны спіс дададуць яшчэ 43 судны ценявога флоту Расіі. Таксама плануецца ўскладніць набыццё танкераў для расійскага ценявога флоту. Прадугледжана забарона на паслугі па тэхнічным абслугоўванні танкераў для звадкаванага прыроднага газу і ледаколаў, каб дадаткова падарваць праекты па экспарце газу.

Другі блок санкцый датычыцца банкаўскага сектара. ЕС увядзе санкцыі супраць 20 расійскіх рэгіянальных банкаў і платформаў для гандлю крыптавалютамі. Пад санкцыі трапяць некалькі банкаў у трэціх краінах, якія ўдзельнічаюць у схемах па абыходзе санкцый.

У трэцім блоку санкцый — узмацненне абмежаванняў на экспарт у Расію тавараў і паслуг ад трактароў да паслуг у сферы крыптабяспекі агульным коштам больш за 360 млн еўра.

ЕС таксама ўвядзе забарону на імпарт металаў, хімікатаў і крытычна важных мінералаў на суму больш за 570 млн еўра. Уводзяцца дадатковыя абмежаванні на пастаўкі тавараў і тэхналогій, якія выкарыстоўваюцца ў расійскім ВПК, а таксама ўстанаўліваецца квота на аміяк.

Упершыню ўстанаўліваецца забарона на экспарт любых ЧПУ-станкоў і радыёстанцый у краіны з высокай рызыкай рээкспарту гэтых тавараў у Расію.

«Фіскальныя даходы Расіі ад нафты і газу ў 2025 годзе скараціліся на 24% у параўнанні з папярэднім годам, дасягнуўшы самага нізкага ўзроўню з 2020 года і павялічыўшы дэфіцыт бюджэту. Даходы ад нафты і газу ў студзені стануць самымі нізкімі з пачатку вайны. Працэнтныя стаўкі знаходзяцца на ўзроўні 16%, інфляцыя застаецца высокай.

Гэта пацвярджае тое, што мы ўжо ведалі: нашы санкцыі працуюць, і мы будзем працягваць іх прымяняць да таго часу, пакуль Расія не ўступіць у сур’ёзныя перамовы з Украінай аб справядлівым і ўстойлівым міры», — заявіла фон дэр Ляен.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны