Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын сёння сустракаецца з літоўскімі і польскімі аўтаперавозчыкамі. Падставай для сустрэчы стала сітуацыя з транспартнымі сродкамі, зарэгістраванымі ў Літве. Паводле слоў Турчына, беларускі бок не імкнецца канфіскоўваць грузавікі, а хоча дамовіцца.
“Тэма сённяшняй сустрэчы, яна зразумелая. На імя прэзідэнта нашай краіны паступілі вашы звароты адносна шляхоў выхаду з сітуацыі, якая склалася з грузавікамі з літоўскай рэгістрацыяй. Як вам добра вядома, чатыры месяцы таму кіраўніцтвам Літоўскай Рэспублікі ў парушэнне ўвогуле ўсіх міжнародных норм былі закрыты межы з нашай краінай. І якраз адным з наступстваў гэтага кроку стала немагчымасць выезду грузавікоў у напрамку Літвы.
Скажам так, мы на працягу ўсіх гэтых чатырох месяцаў нашым калегам з Літоўскай Рэспублікі прапаноўвалі сустрэцца, правесці перамовы з мэтай выпрацоўкі мер па ўрэгуляванні гэтага і іншых пытанняў двухбаковых адносін. На жаль, верагодна, у літоўскага ўрада ёсць больш важныя справы, чым займацца праблемамі ўласнага бізнесу.
У сувязі з гэтым прэзідэнтам нашай краіны, перш за ўсё, кіруючыся гуманітарнымі меркаваннямі, даручана беларускаму ўраду сустрэцца з вамі і непасрэдна выслухаць ваша бачанне сітуацыі для наступнага прыняцця рашэння”, — сказаў Турчын.
У мінулым годзе Літва ў адказ на пачашчэнне залётаў метэазондаў кантрабандыстаў закрыла мяжу. Тады Аляксандр Лукашэнка даручыў сабраць грузавікі літоўскіх перавозчыкаў, размясціць іх на спецыяльных стаянках і спаганяць плату за стаянку. Пры гэтым ён прыгразіў канфіскаваць грузавікі. Раней літоўскія перавозчыкі заяўлялі, што чакаюць хуткага пачатку рэалізацыі гэтай пагрозы. Сёння Аляксандр Турчын заявіў, што беларускі бок не імкнецца канфіскоўваць транспартныя сродкі, а хоча дамовіцца.
“Я адразу адзначу, што беларускі бок, нягледзячы на адкрыта недружалюбную палітыку суседніх дзяржаў, мы займаем канструктыўную пазіцыю і маем намер максімальна ўлічваць інтарэсы ўсіх зацікаўленых бакоў. Напэўна, адразу патлумачу пытанне, што, нягледзячы на магчымасць канфіскацыі транспартных сродкаў, у беларускага боку дакладна няма намеру і жадання гэтым скарыстацца. Наша жаданне — канструктыўна дамовіцца і выйсці з сітуацыі, якая склалася.
Падчас нядаўняга візіту прадстаўніка Літоўскай асацыяцыі ў іх была магчымасць пераканацца, што ўсе транспартныя сродкі знаходзяцца на ахоўных стаянках, яны ўсе ў спраўным стане. І таму, безумоўна, беларускі бок, а ўласнікі гэтых стаянак — гэта камерцыйная арганізацыя, і, вядома, сёння наша пазіцыя, яна таксама зразумелая. Тыя выдаткі, якія панесла наша кампанія, яны павінны быць кампенсаваны. Вось, напэўна, пазіцыя беларускага боку ў гэтым пытанні”, — сказаў прэм’ер.
