Доля беларускіх тавараў у рознічным абароце арганізацый гандлю знізілася ў 2025 годзе. Як паведаміў Белстат, яна склала 54,4%, што на 2 п.п. менш, чым у 2024 годзе. Даныя прадастаўлены статыстычным камітэтам без уліку арганізацый без ведамаснай падпарадкаванасці з сярэдняй колькасцю работнікаў за папярэдні год да 15 чалавек уключна.
Доля беларускіх тавараў у абароце харчовых тавараў склала 75,7%, што на 0,6 п.п. менш, чым па выніках 2024 года.
У абароце нехарчовых тавараў доля беларускай вытворчасці склала 34,9%. Яна знізілася на 2,4 п.п. у параўнанні з 2024 годам.
Белстат таксама прыводзіць даныя па асобных пазіцыях. Так, 100% яек, прададзеных у Беларусі, былі айчыннай вытворчасці. Больш за 99% складала доля беларускай вытворчасці ў продажах сметанковага масла, мяса, цукру. На долю беларускіх сыроў прыпадала 95,6%, беларуская гародніна займала 74,7% рынку. Пры гэтым 86,2% расліннага алею было замежнай вытворчасці, таксама з-за мяжы прывезлі 85,6% прададзеных фруктаў і 59,9% — круп, 53,6% рыбы і морапрадуктаў, 39,3% макаронных вырабаў.
У абароце нехарчовых тавараў толькі дзве прыведзеныя Белстатам пазіцыі былі “беларускімі”. Гэта маторнае паліва, 99,2% якога было беларускай вытворчасці, а таксама панчошна-шкарпэткавыя вырабы — 63,8%. У астатніх таварах пераважаў імпарт. Так, на долю імпарту прыйшлося 57,7% халадзільнікаў і маразільнікаў, 59,3% фармацэўтычных тавараў, 60,5% будаўнічых матэрыялаў, 64,6% аўтамабіляў, 75,7% тэлевізараў, 79,4% парфумерна-касметычнай прадукцыі, 80,7% абутку, 89,8% трыкатажнага адзення.
