Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай на Міжнародным саміце па правах чалавека і дэмакратыі, заклікаўшы сусветную супольнасць да рашучых дзеянняў супраць рэжыму Лукашэнкі і ўзмацнення падтрымкі грамадзянскай супольнасці Беларусі.
У межах панэлі «Барацьба за дэмакратыю ў Беларусі» палітык падзялілася асабістай гісторыяй сваёй сям’і, нагадаўшы, што яе муж Сяргей Ціханоўскі правёў у зняволенні пяць гадоў. Яна адзначыла, што сёння ў аналагічным становішчы знаходзяцца больш за 1200 палітвязняў.
“Пакуль палітычныя зняволеныя ў Беларусі пакутуюць ад холаду, простыя ўкраінцы пакутуюць, бо Расія выкарыстоўвае зімовы холад як зброю. Лёсы Беларусі і Украіны пераплецены. Калі Беларусь стане свабоднай, Украіна будзе ў большай бяспецы. Калі Украіна пераможа, у Беларусі будзе шанец. Вось чаму наша барацьба важная не толькі для нас”, – падкрэсліла яна.
Ціханоўская заявіла пра прынцыповае адрозненне пазіцыі беларускага народа ад дзеянняў рэжыму, адзначыўшы, што беларусы сабатавалі ваенную лагістыку агрэсара і змагаюцца на баку Украіны ў якасці добраахвотнікаў.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў саміту, палітык заклікала выкарыстоўваць наяўныя ў іх рычагі ўплыву для ізаляцыі рэжыму. Яна акцэнтавала ўвагу на недапушчальнасці нармалізацыі адносін з Мінскам і падкрэсліла, што за трыццаць гадоў кіравання Лукашэнка даказаў немагчымасць вядзення сумленнага дыялогу.
“Не ахвяруйце прынцыпамі дзеля зручнасці. Не забывайце імёны нашых зняволеных. Патрабуйце безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных. Узмацняйце санкцыі супраць тых, хто катае і саджае ў турмы. Падтрымлівайце беларускую грамадзянскую супольнасць — незалежных журналістаў, праваабаронцаў, актывістаў у выгнанні і ў падполлі. Дапамажыце сем’ям зняволеных. Дапамажыце дзецям, якія растуць без бацькоў. І прыцягніце рэжым да адказнасці. Беспакаранасць нараджае яшчэ большае насілле. Маўчанне дае дазвол”, – заявіла яна.
У завяршэнне прамовы Ціханоўская заклікала да глабальнай салідарнасці.
“Я часта думаю пра той дзень, калі змагу вярнуцца ў Мінск са сваёй сям’ёй. Я ўяўляю сабе Беларусь, дзе нікога не саджаюць у турму за пытанне: «Як вы жывяце?» Гэта не занадта вялікая мара. Гэта нармальная еўрапейская краіна. Беларусы праявілі неверагодную мужнасць. Яны мірна маршыравалі. Яны вытрымалі катаванні. Яны працягваюць супраціўляцца. Але адной мужнасці недастаткова. Нам патрэбна салідарнасць. Мы маем патрэбу ў вас. Аднойчы, калі Беларусь будзе свабоднай, мы ўспомнім, хто быў з намі: не толькі ў нашы самыя змрочныя гадзіны, але і да самага канца. Станьце з Беларуссю. Станьце з Украінай. Станьце са свабодай”, – заявіла яна.
