Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з нагоды Дня Незалежнасці, які адзначаецца 3 ліпеня. Яна выказала надзею, што дзень, калі беларусы змогуць назваць сваю краіну сапраўды незалежнай і свабоднай, настане ўжо хутка.
«3 ліпеня мы адзначаем вызваленне Мінска ад нацысцкай акупацыі і ўшаноўваем тых, хто аддаў жыццё, каб Беларусь была вольнай.
Гэтая дата павінна заставацца ў нашай памяці. Яна нагадвае, якой страшнай цаной даюцца мір, бяспека і права народа жыць на сваёй зямлі.
І таму сёння асабліва важна задумацца: якой мы хочам бачыць Беларусь?
Для мяне гэта краіна, дзе чалавек не баіцца сказаць, што думае. Бацькі не чакаюць гадамі дзяцей з турмаў. Дзе можна спакойна гадаваць дзяцей, размаўляць на сваёй мове і планаваць будучыню, не думаючы, што тваю зямлю выкарыстаюць у чужой вайне. Дзе людзі не вымушаныя з’язджаць і потым баяцца вярнуцца дадому. Дзе не трэба выказваць сваё меркаванне за замкнутымі дзвярамі.
Але сёння ўсё інакш. І многія з вас адчуваюць гэта кожны дзень: боль ад разлукі, стому ад чакання, трывогу за родных. І да таго ж на нашай тэрыторыі размяшчаюць расійскую зброю і ваенную інфраструктуру. Беларускія аэрадромы, дарогі і прадпрыемствы выкарыстоўваюцца ў інтарэсах Расіі. Кожны такі аб’ект робіць Беларусь менш бяспечнай — ставіць пад пагрозу і людзей у краіне, і нашых суседзяў.
Беларусы не падтрымліваюць гэтую вайну і ніколі не давалі згоды на тое, каб нашая зямля выкарыстоўвалася для нападаў на Украіну. Адказнасць за гэта нясуць рэжым Лукашэнкі і Расія.
Незалежнасць пачынаецца з простых рэчаў: магчымасці жыць дома і выхоўваць дзяцей, размаўляць на сваёй мове, выбіраць уладу і ведаць, што ніхто не распараджаецца тваёй краінай замест цябе.
Менавіта такой Беларусь і павінна быць: без бясконцых рэпрэсій, без расійскай ваеннай прысутнасці і саўдзелу ў вайне. Беларусь, якая з’яўляецца бяспечным домам для свайго народа і самастойна вызначае сваю будучыню.
Я ведаю, што прыйдзе дзень, калі мы зможам назваць нашую краіну сапраўды незалежнай і свабоднай, прыйдзе неўзабаве. А слова «вызваленне» застанецца ў нашай памяці пра мінулае, а не будзе сучаснай патрэбай», — гаворыцца ў звароце.