У Музеі свабоднай Беларусі ў Варшаве адбылася цырымонія ўручэння медалёў Аб’яднанага пераходнага кабінета выбітным дзеячам беларускага грамадзянскага грамадства і культуры.
«Кожны год на 25 сакавіка мы ўзнагароджваем выбітных беларусаў, якія сваімі справамі і мужнасцю ўмацоўваюць нашу краіну. Часам ціха, незаўважна, часам з рызыкай для сябе», — заявіла кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская.
Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджаны вучоны і грамадска-палітычны дзеяч, канцлер Беларускага свабоднага ўніверсітэта Аляксандр Мілінкевіч — адзіны дэмакратычны кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года. Узнагароду прыняла яго жонка Іна Кулей, паколькі сам Мілінкевіч перанёс цяжкую аперацыю.
Медаль «За плённую працу на карысць Беларусі» атрымаў стваральнік тэлеграм-канала Nexta Сцяпан Пуціла. Сярод іншых узнагароджаных — пісьменніца Святлана Курс (Ева Вежнавец), актрыса Крысціна Дробыш і акцёр Ігар Сігоў (узнагароду прыняла яго жонка Валерыя).
Асобна Ціханоўская адзначыла пасмяротную ўзнагароду журналіста і блогера Мікіты Мелказёрава.
«Яго нечаканы і несправядлівы сыход усіх нас узрушыў. Але выклікае захапленне, колькі ён паспеў як журналіст і папулярызатар беларускай культуры», – адзначыла яна.
Цырымонію завяршылі словы пісьменніцы Святланы Курс: «Беларусь у хуткім часе стане свабоднай і шчаслівай».









