Святлана Ціханоўская выступіла на III Кангрэсе па палітвязнях Беларусі #WithoutJustCause, які сёння адкрыўся ў Вільні.
Як паведамілі ў Офісе Ціханоўскай, яна нагадала, што вызваленне сотняў палітычных зняволеных стала магчымым дзякуючы салідарнасці беларусаў, працы праваабаронцаў і міжнароднаму ціску.
У сваім выступленні яна выказала падзяку ЗША, Еўрасаюзу, Канадзе, Вялікабрытаніі, Нарвегіі, Украіне, Літве, Польшчы за падтрымку беларускіх палітвязняў і іх сем’яў. Яна таксама падзякавала амерыканскім дыпламатам за іх лідарства ў дыпламатычным працэсе вызвалення зняволеных, выказала ўдзячнасць праваабарончым арганізацыям «Вясна» і Дом правоў чалавека, Міжнароднаму гуманітарнаму фонду, праграме «Ліберэка», Freedom House, валанцёрам, юрыстам, псіхолагам і ініцыятывам, якія дапамагаюць рэпрэсаваным і вызваленым беларусам. Асобна яна адзначыла працу арганізатараў кангрэса: Крысціны Шыянок і Пражскага офіса Дэмакратычных сіл Беларусі, а таксама Фонду Розы Люксембург.
Ціханоўская таксама нагадала пра тых, хто ўсё яшчэ знаходзіцца за кратамі, падкрэсліла важнасць працягу міжнароднага ціску на рэжым і падтрымкі сем’яў палітычных зняволеных. Яна адзначыла, што нават пасля вызвалення людзям неабходныя рэабілітацыя, дапамога і салідарнасць.
«Сам факт таго, што палітвязні пачалі выходзіць на свабоду, — нашае вялікае супольнае дасягненне. Палітзняволеныя — гэта не абстрактная лічба ў пастах у Інстаграме або допісах у Фэйсбуку. Гэта тысячы асабістых гісторый, мараў і спадзяванняў. Рэжым спрабуе іх сцерці. Нашая задача — вярнуць палітзняволеным іх гісторыі, твары і галасы», – сказала яна.
Кангрэс сабраў былых палітычных зняволеных, сваякоў зняволеных, праваабаронцаў, дыпламатаў, журналістаў, прадстаўнікоў ініцыятыў і міжнародных партнёраў для абмеркавання метадаў праваабарончай працы і пошуку новых шляхоў дапамогі палітычным зняволеным.
