12 студзеня Святлана Ціханоўская сустрэлася з віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскага парламента Пінай Пічэрна ў Вільнюсе.
Бакі абмеркавалі сітуацыю з беларускімі палітвязнямі, бяспеку ў рэгіёне і ролю Еўрасаюза ў супрацьдзеянні аўтарытарызму, паведамляе Офіс Ціханоўскай.
Акрамя таго, абмяркоўвалася падтрымка еўрапейскай перспектывы для Беларусі і падрыхтоўка дарожнай карты збліжэння з Еўрапейскім саюзам і Саветам Еўропы.
Асобнай тэмай стаў трэці міжпартыйны форум «8+100», які адбудзецца 3–4 сакавіка ў Еўрапарламенце. У мерапрыемстве плануецца ўдзел 8 беларускіх і 100 еўрапейскіх партый. Ціханоўская заклікала Пічэрна далучыцца да форуму і падтрымаць прыцягненне большай колькасці дэпутатаў Еўрапарламента.
Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета таксама прапанавала працягнуць практыку «хроснага бацькоўства» палітвязняў і арганізаваць Кангрэс хросных палітвязняў у Берліне, каб зрабіць гэты механізм больш эфектыўным.
Ціханоўская падзякавала Пічэрна за падтрымку Беларусі, у тым ліку за ўдзел у адкрыцці офіса і шэлтара ў Фларэнцыі.
«Падтрымка такіх партнёраў, як Піна Пічэрна, дапамагае ўтрымліваць Беларусь у фокусе еўрапейскай палітыкі і нагадваць: без свабоднай Беларусі не будзе бяспечнай Еўропы», — заявіла Ціханоўская.


