Кітайская кампанія ByteDance падпісала абавязальныя пагадненні з трыма буйнымі інвестарамі. У выніку ствараецца сумеснае прадпрыемства, якое будзе кіраваць сэрвісам TikTok у ЗША.
Раней у ЗША быў прыняты закон, які забараняе TikTok. Умовай працягнення працы прыкладання ў краіне быў продаж амерыканскага актыву. Дональд Трамп пасля інаўгурацыі неаднаразова адкладаў забарону на працу TikTok, даючы магчымасць заключыць здзелку.
Як паведамляе Reuters, канчатковыя параметры здзелкі адпавядаюць тым, што былі абвешчаныя восенню. Амерыканскія і міжнародныя інвестары будуць мець у сумесным прадпрыемстве 80,1% акцый, а ByteDance захавае долю ў 19,9%. СП будзе працаваць як незалежная юрыдычная асоба, якая валодае паўнамоцтвамі ў сферы абароны даных у ЗША, бяспекі алгарытмаў, мадэрацыі кантэнту і забеспячэння якасці праграмнага забеспячэння. З амерыканскага боку інвестарамі ў СП выступаюць Oracle, Silver Lake і MGX, таксама ў лік акцыянераў уваходзяць інвестары ByteDance. Новае прадпрыемства будзе называцца TikTok USDS Joint Venture LLC.
Здзелка будзе поўнасцю завершана ў студзені.