Фонд BYSOL запускае штогадовы збор для дзяцей палітвязняў. Ён прымеркаваны да Дня абароны дзяцей і пачатку летніх канікулаў.
Першапачатковая мэта збору складае 10 тысяч еўра, аднак можа змяняцца ў залежнасці ад колькасці атрыманых заявак на дапамогу. На кожнае дзіця да 16 гадоў абяцаюць выплаціць па 100 еўра.
Заяўкі на атрыманне дапамогі прымаюцца з 5 па 31 мая, іх могуць падаць бацькі, якія знаходзяцца ў Беларусі і за мяжой:
- сем’і палітвязняў з дзецьмі, у якіх адзін з бацькоў або абодва знаходзяцца пад вартай не менш за тры месяцы (у тым ліку на «хіміі» з накіраваннем або без);
- былыя палітвязні з дзецьмі, вызваленыя пасля 1 студзеня 2024 года;
- бацькі, якія адбываюць «хатнюю хімію» — пры ўмове, што яны маюць інваліднасць, альбо з’яўляюцца пенсіянерамі, альбо выхоўваюць дзяцей да трох гадоў.
“Як правіла, гэтыя грошы ідуць на пакупку летняга адзення, аплату дадатковых заняткаў, псіхалагічную дапамогу і арганізацыю адпачынку. У мінулым годзе падчас падобнай акцыі нам удалося сабраць сродкі для 252 дзяцей”, – паведамілі ў фондзе.
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!