У Акруговым судзе Беластока ідзе працэс над дзевяццю абвінавачанымі ў кантрабандзе цыгарэт у асабліва буйным памеры і карупцыі. Восем з абвінавачаных — былыя супрацоўнікі мытні ў Баброўніках. Пасля пачатку следства яны былі звольнены, піша Kurier Poranny.
Згодна з абвінавачаннем, група дзейнічала з лістапада 2018 года па красавік 2020 года ў Падляскім і Мазавецкім ваяводствах. Удзельнікі групы ўводзілі ў абарот беларускія цыгарэты, якія нелегальна ўвозіліся праз аўтамабільны пункт пропуску ў Баброўніках.
За гэты час у абарот трапіла каля 29,4 мільёнаў пачак цыгарэт. Шкода дзяржаве ад нявыплачаных акцызаў, пошлін і ПДВ ацэньваецца як мінімум у 498 млн злотых (137 млн долараў).
Абвінавачанне лічыць, што былыя мытнікі не выконвалі свае службовыя абавязкі і прапускалі праз мяжу аўтамабілі з цыгарэтамі. Агульная сума хабару ацэньваецца ў 4,9 млн злотых (1,4 млн долараў). Падчас следства на маёмасць абвінавачаных агульным коштам каля 3 млн (828 тысяч долараў) злотых быў накладзены арышт.
На першым пасяджэнні суда ў сакавіку ўсе абвінавачаныя хацелі добраахвотна пагадзіцца з пакараннем, але дамоўленасць з пракуратурай была дасягнута толькі ў дачыненні да аднаго чалавека. Астатнія пагадзіліся з асноўным пакараннем, але не з кампенсацыяй фінансавай шкоды.
Абвінавачаным пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі і штрафы.
