Былога начальніка Следчага ўпраўлення Магілёва Дзмітрыя Шышкова асудзілі па артыкуле 361-4 аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». На яго імя, якое з’явілася ў абноўленым спісе «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», звярнула ўвагу «Наша Ніва».
У ім указана, што 59-гадовы Дзмітрый «адбывае пакаранне». Прысуд вынес Магілёўскі абласны суд.
Дакладны прысуд невядомы. Шышкову маглі прызначыць альбо «хімію» з накіраваннем, альбо калонію.
«Аднак тэрмін невядомы — тэарэтычна Шышкоў мог цалкам адбыць яго ў СІЗА або атрымаць умоўнае пакаранне», — адзначаюць аўтары.
Дзмітрый Шышкоў — былы следчы. У 2010-м быў прызначаны начальнікам следчага ўпраўлення УУС Магілёўскага аблвыканкама. Пазней яго накіравалі працаваць у Следчы камітэт.
Апошняе месца працы — «Магілёўскія ведамасці». У эфіры АНТ сцвярджалі, што Шышкоў быў звольнены ў 2023 годзе з-за «сваёй пазіцыі», але не затрымліваўся.
У сакавіку 2024 года на АНТ паказалі пашпарт «Новай Беларусі», выраблены на імя Шышкова. Аднак дакумент відавочна быў фэйкавым. Прозвішча следчага па-беларуску напісалі з памылкай — праз рускую «и». Акрамя таго, «Кіберпартызаны» апублікавалі пашпартныя даныя Шышкова. Высветлілася, што рэальны подпіс былога падпалкоўніка адрозніваецца ад таго, што знаходзіцца ў фэйкавым дакуменце.
Беларускія ўлады рэгулярна выкарыстоўваюць абвінавачанні ў экстрэмізме для барацьбы з палітычнымі апанентамі і іншадумствам у цэлым.
