Больш за 75% 11-гадовых дзяўчынак атрымалі першую дозу вакцыны супраць ВПЧ у Беларусі, паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.
Нагадаем, у кастрычніку Беларусь далучылася да ініцыятывы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па вакцынацыі дзяўчынак супраць ВПЧ-інфекцыі. Прышчэпкі праводзяцца дзяўчынкам, якім у 2025 годзе спаўняецца 11 гадоў. Для імунізацыі выкарыстоўваецца вакцына «Цекалін» (Кітай), якая мае прэкваліфікацыю СААЗ і забяспечвае абарону ад двух найбольш небяспечных высокаанкагенных тыпаў віруса папіломы чалавека — ВПЧ 16 і 18.
Вакцына «Цекалін», як і іншыя вакцыны для прафілактыкі ВПЧ-інфекцыі, не з’яўляецца жывой і не ўтрымлівае біялагічных прадуктаў (вірусаў) або іх кампанентаў ні на адным з этапаў вытворчасці. Гэта выключае магчымасць перадачы ВПЧ-інфекцыі пры вакцынацыі. Прэпарат можа ўводзіцца з любым інтэрвалам да або пасля іншых прышчэпак, у тым ліку супраць грыпу або дыфтэрыі.
Кансультацыю для бацькоў па пытаннях вакцынапрафілактыкі рака шыйкі маткі можна атрымаць у педыятра, тэрапеўта, урача агульнай практыкі, анколага або гінеколага.
У ведамстве адзначаюць, што пры наяўнасці рэшткаў вакцыны ў арганізацыях аховы здароўя, не задзейнічаных у вакцынацыі 11-гадовых дзяўчынак, магчыма правядзенне прышчэпак па медыцынскіх паказаннях дзяўчынкам больш старэйшага ўзросту. Падставай з’яўляецца загад Мінздрава ад 4 снежня 2025 года № 1499 «Аб вакцынацыі супраць інфекцыі, выкліканай вірусам папіломы чалавека, асобных кантынгентаў насельніцтва». Вакцынацыя дзяўчынак 2011–2013 гадоў нараджэння, уключаных у лісты чакання да 4 снежня 2025 года, будзе ажыццяўляцца пры наяўнасці вакцыны і пасля выканання прышчэпак у межах Нацыянальнага календара прафілактычных прышчэпак і пераліку прышчэпак па эпідэмічных паказаннях.