Ініцыятыва былых сілавікоў BELPOL апублікавала Палажэнне аб парадку браніравання ваеннаабавязаных, якія працуюць у дзяржаўных органах, арганізацыях незалежна ад формаў уласнасці, на перыяд мабілізацыі і ваенны час, якое было зацверджана пастановай Саўміна №252-18с ад 11 красавіка 2023 года. Афіцыйна дакумент не публікаваўся.
Палажэннем устаноўлены парадак вызначэння ваеннаабавязаных, якія не будуць у першую чаргу прызваны ў войскі ў выпадку мабілізацыі ў ваенны час. У дакуменце прапісана, што існуюць пералікі арганізацый, дзе бронь атрымаюць усе супрацоўнікі. Якія арганізацыі знаходзяцца ў гэтых пераліках, невядома.
У астатніх арганізацыях бронь можа распаўсюджвацца не больш чым на 40% ваеннаабавязаных. Рашэнне аб тым, хто трапіць у лік забраніраваных, будзе прымацца кіраўніцтвам прадпрыемства.
Бронь гарантавана кіраўнікам і іх намеснікам у дзяржаўных органах і арганізацыях. Таксама асаблівы статус атрымліваюць асобы з вучонымі ступенямі доктара навук або званнямі прафесара і дацэнта.
Палажэннем таксама прадугледжана, што калі праводзіцца мабілізацыя тэхнікі, то замацаваны за ёй персанал будзе таксама мабілізаваны.
Людзі, якія да 27 гадоў не служылі і не мелі на тое законных падстаў, браніраванню не падлягаюць.
Поўнасцю азнаёміцца з дакументам можна на сайце BELPOL.
