34-гадовая ўраджэнка Беларусі Карына Зданевіч-Спыхальска ўжо амаль 3,5 месяца не можа пакінуць Італію і вярнуцца да дзяцей у Польшчу. Як піша італьянская газета Il Giorno, 1 лютага яна была затрыманая ў аэрапорце Орыа-аль-Серыа па ордары на арышт, выдадзеным у 2021 годзе намеснікам пракурора Брэста. Ёй ставіцца ў віну «наўмысная эканамічная неплацежаздольнасць», гэта значыць банкруцтва, нібыта здзейсненае ў 2017–2018 гадах.
Жанчына называе абвінавачанні сфабрыкаванымі. Паводле яе слоў, беларускія ўлады, верагодна, ідэнтыфікавалі яе па фотаздымках у сацыяльных сетках. Пасля выбараў 2020 года яна ўдзельнічала ў акцыях каля беларускага пасольства ў Варшаве ў падтрымку Святланы Ціханоўскай. Ордар быў выдадзены ў перыяд масавых рэпрэсій пасля пратэстаў.
«Гэта хлуслівыя і штучна створаныя абвінавачанні, — кажа яна. — З мэтай пераследу людзей, якія, як і я, больш не жывуць у Беларусі і выступаюць супраць рэжыму. У маёй роднай краіне няма свабоды, у мяне ёсць некалькі сяброў, якіх пасадзілі ў турму за ўдзел у пратэстах 2020 і 2021 гадоў, і яны больш не вярнуліся».
Пасля затрымання Карына правяла 5 дзён у турме ў Бергама, пасля чаго была вызваленая пад абавязацельства аб яўцы і з таго часу жыве ў Мілане ў знаёмых.
«Я прыехала ў Італію як турыстка, — расказала яна. — І мяне арыштавалі пры пашпартным кантролі ў аэрапорце, калі ўсплыў гэты ордар на арышт. Я правяла ў турме, у Бергама, пяць дзён».
Справу разглядае апеляцыйны суд Брэшыі. Пракуратура выступіла супраць экстрадыцыі, спаслаўшыся ў тым ліку на зварот польскага консульства, якое папярэдзіла пра небяспеку пераследу жанчыны рэжымам Лукашэнкі, паколькі яна мае падвойнае польска-беларускае грамадзянства. Слуханне прызначанае на чэрвень, прысутнічаць на ім плануюць прадстаўнікі польскага консульства і беларускія актывісты ў Італіі.
Адвакат Карыны П’еро Парчані заклікаў выдаліць яе даныя з сістэмы Інтэрпола, каб прадухіліць падобныя выпадкі ў будучыні.
«Італьянская юстыцыя пачынае разумець сутнасць справы, — адзначыў ён. — І я спадзяюся на спрыяльны вынік слухання. Неабходна неадкладна выдаліць паведамленне аб вышуку з сістэмы Інтэрпола, каб падобныя выпадкі не паўтараліся, і спадзявацца, што меры, якія прымаюцца некаторымі краінамі, будуць старанна аналізавацца, улічваючы, што ёсць яшчэ шмат людзей, якіх пераследуюць Расія або Беларусь».
