Агенцтва «Мінск-Навіны» 9 студзеня напісала пра тое, што Саюз балгарскіх журналістаў (СБЖ) запрасіў прадстаўнікоў Беларускага саюза журналістаў (БСЖ) прыняць удзел у дыскусіі «Штучны інтэлект і барацьба з фейкавымі навінамі: якое рашэнне аказваецца найбольш эфектыўным?». Мерапрыемства праводзіцца ў Сафіі 26 студзеня, але ўдзельнічаць у ім можна і анлайн. Балгарская служба «Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода» высветліла, што запрашэння не было.
Як заявіла «Радыё Свабода» старшыня Саюза балгарскіх журналістаў Сняжана Тодарава, апублікаваная інфармацыя з’яўляецца «яркім прыкладам фейка».
«Гэта фейкавыя навіны і актыўнае мерапрыемства. Не ўпершыню хтосьці хоча ўдарыць па СБЖ і асабіста па мне», — заявіла яна.
Тодарава дадала, што «трэба быць разумова адсталым, каб запрашаць беларускіх журналістаў, ведаючы, што яны не змогуць прыехаць».
Пра тое, што публікацыя «Мінск-Навіны» з’яўляецца фейкам, Тодарава таксама пацвердзіла балгарскаму МЗС. Міністэрства накіравала ёй афіцыйную ноту, атрымаўшы інфармацыю ад пасольства Балгарыі ў Польшчы, якое, у сваю чаргу, атрымала сігнал ад Аб’яднанага пераходнага кабінета.
На сайце Саюза балгарскіх журналістаў указана, што лектарамі і мадэратарамі мерапрыемства з’яўляюцца Георгі Гоцеў і Каліна Ангелава, прадстаўнікі фінансаванага ЕС праекта EU4Debunk.
Гоцеў заявіў «Радыё Свабода», што не ведае пра запрошаных беларускіх журналістаў, але мерапрыемства «адкрытае для ўсіх».
Сняжана Тодарава вядомая ў Балгарыі як прыхільніца Расіі. У 2025 годзе яна атрымала «Ордэн Дружбы» ад Уладзіміра Пуціна, у ліпені 2024 года наведала Беларусь і з захапленнем пісала пра краіну.
Саюз балгарскіх журналістаў працягвае супрацоўніцтва з афіцыйнымі беларускімі і расійскімі СМІ і пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.
