Следчы камітэт адрапартаваў аб ліквідацыі канала легалізацыі мігрантаў. Па справе ўжо вынесена рашэнне суда. 29-гадовы замежнік асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Яшчэ адзін фігурант знаходзіцца ў вышуку. Ён пакінуў межы Беларусі.
Як расказалі ў СК, 29-гадовы замежнік у снежні 2023 года прыехаў у Мінск паступаць ва ўніверсітэт. Аднак па парадзе сяброў адмовіўся ад гэтай ідэі і пачаў працаваць таксістам.
“У гэты ж час ён пазнаёміўся з дырэктарам аднаго са сталічных прадпрыемстваў, які прапанаваў заняцца працоўным уладкаваннем мігрантаў. Застаўшыся без асноўнага заробку праз блакаванне таксі-прыкладання, мужчына актыўна ўзяўся за прапанаваную справу і пачаў размяшчаць у сетцы аб’явы”, — гаворыцца ў паведамленні СК.
Восенню мінулага года мужчыну паступіў заказ аформіць 12 чалавек.
“Паколькі ў арганізацыі на той момант ужо не было свабодных вакансій, ён «выйшаў» на 34-гадовага заснавальніка будаўнічай фірмы, які пад выглядам легальнага бізнесу займаўся фіктыўным працоўным уладкаваннем грамадзян іншых дзяржаў. Прадпрымальнік пагадзіўся дапамагчы і падрыхтаваў неабходныя дакументы, аднак увасобіць задуму не ўдалося — у прадстаўленых паперах выявілі недакладнасці”, — працягнулі ў СК.
Нягледзячы на гэтую няўдачу, мужчыны працягнулі супрацоўніцтва. Яны размяшчалі аб’явы ў інтэрнэце, рыхтавалі дакументы для падачы ў аддзелы па грамадзянстве і міграцыі УУС.
“У кампетэнтныя дзяржаўныя ўстановы яны падалі фіктыўныя дакументы: прашэнні аб выдачы візы, працоўныя дамовы з работнікамі, паведамленні ад наймальніка, арганізаваўшы незаконныя ўезд і знаходжанне ў краіне грамадзян іншых дзяржаў.
Адзін з фігурантаў пакінуў Беларусь, аднак працягваў вырабляць дакументы дыстанцыйна”, — расказалі ў СК.
У камітэце таксама паведамілі, што абвінавачаныя забяспечылі нелегальнае знаходжанне і ўезд у краіну дваццаці замежным грамадзянам, а злачынная схема прынесла яе ўдзельнікам больш за 7 тыс. рублёў.