Беларусь плануе развіваць адносіны з Афганістанам, спрасціць візавы рэжым для афганскіх бізнесменаў і накіраваць свайго прадстаўніка ў гэтую краіну. Пра гэта ішла гаворка на сустрэчы пасла Беларусі ва Узбекістане Аляксандра Агароднікава з паслом Афганістана ва Узбекістане Абдулам Гафарам Бахрам.
Бакі абмеркавалі сяброўскія адносіны паміж краінамі і пашырэнне палітычнага, эканамічнага і дыпламатычнага супрацоўніцтва, паведамляе афганскае пасольства.
«У ходзе сустрэчы беларускі бок прапанаваў прызначыць для Афганістана нерэзідэнтнага прадстаўніка, стварыць сумесную прамысловую рабочую групу, наладзіць супрацоўніцтва па праекце вытворчасці сухога малака ў Тэрмезе, развіваць узаемадзеянне ў сферы аховы здароўя, спрасціць візавы рэжым для афганскіх прадпрымальнікаў, пашырыць консульскае супрацоўніцтва, а таксама ўдзельнічаць у рэгіянальных праектах Trans-Afghan (трансафганская чыгунка), TAPI (газаправод Туркменістан — Афганістан — Пакістан — Індыя) і CASA-1000 (лінія электраперадачы)», — заяўляе пасольства.
