Арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» апублікавала штогадовы Сусветны індэкс свабоды прэсы. Беларусь паднялася ў ім са 166 на 165 месца. У мінулым годзе яна таксама паднялася на адну пазіцыю.
Ацэнка сітуацыі са свабодай слова ў Беларусі ў новым рэйтынгу павысілася з 25,73 да 27,72 бала.
Паводле інфармацыі “Рэпарцёраў без межаў”, у Беларусі ў зняволенні знаходзяцца 19 журналістаў і 2 работнікі СМІ.
“Паводле дадзеных Беларускай асацыяцыі журналістаў, ад 500 да 600 журналістаў былі вымушаныя эміграваць, а большасць з тых, хто застаўся, працуюць падпольна. Яны становяцца мішэнню паліцыі, іх арыштоўваюць, праводзяць ператрусы, часам збіваюць і падвяргаюць жорсткаму абыходжанню ў турмах”, – гаворыцца ў профілі Беларусі ў справаздачы арганізацыі.
У ім таксама адзначаецца працяг пагаршэння сітуацыі са свабодай прэсы па ўсім свеце. Арганізацыя падкрэслівае, што ўпершыню за 25-гадовую гісторыю рэйтынгу больш за палову краін свету трапляюць у катэгорыі «складаныя» або «вельмі сур’ёзныя» з пункту гледжання свабоды прэсы.
“З пяці паказчыкаў, якія выкарыстоўваюцца для ацэнкі свабоды прэсы ва ўсім свеце, якія вызначаюць эканамічнае, прававое, палітычнае і сацыяльнае асяроддзе для журналістыкі, прававы паказчык у гэтым годзе прадэманстраваў найбольш рэзкае зніжэнне”, – гаворыцца ў справаздачы.
У гэтым годзе рэйтынг узначальвае Нарвегія, за ёй ідуць Нідэрланды і Эстонія. Таксама ў першую дзясятку ўваходзяць Данія, Швецыя, Фінляндыя, Ірландыя, Швейцарыя, Люксембург і Партугалія.
ЗША ў рэйтынгу гэтага года страцілі сем пазіцый і апынуліся на 64 месцы з 180 дзяржаў.
Расія знаходзіцца на 172 месцы (-1 месца да 2025 года), Літва – на 15 (-1), Латвія – на 17 (-2), Польшча – на 27 (+4), а Украіна – на 55 (+7) месцах.
