Былы палітвязень, журналіст і дзеяч Саюза палякаў у Беларусі Анджэй Пачобут наведаў Беласток пасля 5 гадоў зняволення. Гарадскія і ваяводскія ўлады ўручылі яму Ганаровы медаль Падляскага ваяводства, паведамляе «Радыё Рацыя».
Маршалак ваяводства Лукаш Пракорым, уручаючы ўзнагароду, назваў яе найвышэйшым знакам адрознення рэгіёна і адзначыў, што яна прысуджаецца Пачобуту як прыкладу гераізму і барацьбы за незалежнасць і праўду. Прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі падкрэсліў, што быць палякам у Беларусі цяжка і яшчэ цяжэй адкрыта выказваць крытыку ўладаў.
“Я вельмі ўдзячны гораду Беластоку за гады супрацоўніцтва з Саюзам палякаў у Беларусі. Мая ўдзячнасць усяму ваяводству за салідарнасць з Саюзам палякаў, дзякую ўсім, хто прысвячаў свой час таму, каб прыходзіць кожнага 25-га чысла”, — заявіў Пачобут.
Нагадаем, Анджэй Пачобут быў арыштаваны 25 сакавіка 2021 года. З таго часу кожнага 25-га чысла каля помніка ксяндзу Ежы Папялушку ў Беластоку праходзілі акцыі салідарнасці з ім. Менавіта ў гэтым месцы адбылася сустрэча Пачобута з удзельнікамі гэтых акцый.
У лютым 2023 года Пачобута прысудзілі да 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Яго прызналі вінаватым у распальванні варожасці і закліках да санкцый. Ён быў вызвалены 28 красавіка ў выніку абмену па формуле 5 на 5.

